ҽ

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін  (ANSA)

Паралін: Кіеў і Масква паінфармаваны пра місію Святога Пасаду

Дзяржсакратар Яго Святасці Папы выказаў здзіўленне заявамі прадстаўнікоў украінскіх і расійскіх уладаў пра тое, што ім невядома пра ватыканскую мірную ініцыятыву, згаданую Францішкам падчас вяртання з Будапешта.

Аляксандр Панчанка – Pope

Знайсці кропкі паразумення і пакласці канец кровапраліццю, ад якога моцна пакутуе Украіна, але якое таксама мае цяжкія наступствы для Расіі, - заклікаў кардынал П’етра Паралін на палях прэзентацыі кнігі пра італьянскага біскупа і міратворцу Таніна Бэла, якая прайшла 3 мая 2023 года ў рымскім універсітэце LUMSA.

Дзяржсакратар адказаў на пытанні журналістаў, адно з якіх датычыла слоў Францішка пра тое, што “трывае пэўная місія” Святога Пасаду, звязаная з пошукам міру ва Украіне, якая “пакуль не з’яўляецца публічнай”. Пантыфік сказаў гэта на борце самалёта падчас вяртання з Будапешта, але пазней прадстаўнікі ўладаў Украіны і Расіі заявілі, што не ведаюць пра ініцыятыву.

“Папа сказаў, што адбудзецца місія, пра якую будзе абвешчана, калі яна стане публічнай, і я паўтараю тыя ж словы, якія выкарыстаў ён”, - адказаў кардынал Паралін. “Я не буду ўваходзіць у дэталі. Папа выказаўся такімі словамі, пакінем яму магчымасць даць дадатковую інфармацыю”, - дадаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, прызнаючыся, што быў здзіўлены рэакцыяй прадстаўнікоў украінскіх і расійскій уладаў. “Я ведаю, што абодва бакі былі паінфармаваны”, - сцвердзіў ватыканскі іерарх.

Кардынал Паралін заўважыў, што прысутнасць на агульнай аўдыенцыі ў сераду Мітрапаліта Антонія, старшыні Аддзела знешніх царкоўных сувязей Маскоўскага Патрыярхату, не мае нічога супольнага са згаданай місіяй. Гэта сустрэча адбылася ў рамках “звычайнай камунікацыі, якая існуе” таксама з кіраўнікамі дыкастэрый Рымскай курыі, - патлумачыў ён.

Каментуючы нядаўнія падзеі з выкарыстаннем дронаў Дзяржсакратар нагадаў, што “ўсе ваенныя дзеянні, асабліва калі яны служаць стварэнню атмасферы яшчэ большай варожасці, безумоўна, не набліжаюць мір”. “Я не ведаю, ці ёсць сёння ўмовы для спынення агню. Будзем спадзявацца... Лічу, што згаданая ініцыятыва Ватыкана, калі яна адбудзецца, таксама павінна ісці ў гэтым кірунку. Як мы заўсёды казалі, неабходна прыйсці да спынення баявых дзеянняў, і тады распачаць мірны працэс”, - нагадаў кардынал П’етра Паралін.
 

04 мая 2023, 09:24