Дзяржсакратар наведаў прытулак для ахвяр гандлю людзьмі
Марыя Валодзіна - Pope
Дзякуючы ахвяраванню Святога Айца, у гэтым сховішчы нядаўна завяршыліся работы па рамонту і пашырэнню.
“Гэты дом – месца пакут, але і надзеі, дзе можна пачаць новы шлях, сустрэць тых, хто працягвае руку, людзей, якія дапамагаюць падняцца”, - заўважыў кардынал Паралін.
"Боль, які адчулі гэтыя жанчыны, а таксама такія моманты абмену, дапамагаюць нам расці ў нашай адчувальнасці і ўвазе, супрацьстаяць той культуры абыякавасці, пра якую часта кажа Папа Францішак”, - зазначыў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, дадаючы, што яму прыемна бачыць шмат прадстаўнікоў грамадзянскіх і ваенных уладаў. “Гэта прыкмета важнага супрацоўніцтва паміж праваахоўнымі органамі, установамі, Касцёлам і валанцёрамі. Аб'ядноўвайцеся ў служэнні агульнаму дабру супраць гэтых злачынных з'яў, якія зневажаюць асобу і чалавечую годнасць", - заклікаў ватыканскі іерарх, дадаючы, што трэба яшчэ шмат зрабіць, каб “супрацьстаяць мярзотнаму феномену гандлю людзьмі і прыгнёту тысяч маладых жанчын, крыху старэйшых за дзяўчынак”.
"Драма прымусовай прастытуцыі жудасная і актуальная, - сказаў кіраўнік прытулку, ксёндз Альда Буонаюта. – У Італіі больш за 100 тысяч жанчын і нават непаўналетніх дзяўчын вымушаныя займацца прастытуцыяй на вуліцах. Да іх трэба дадаць невядомую колькасць дзяўчат, зачыненых у памяшканнях: начлегах, кватэрах, гасцініцах”. Гэта шырока распаўсюджаная чума, ахвярамі якой становяцца дзяўчаты, якія спачатку пацярпелі ад беднасці і хвароб у сваіх родных сем'ях, а потым ад падманлівага абяцання сумленнай працы ў Італіі. Іх збівалі, катавалі, сілком выкідвалі на вуліцу, - распавёў ксёндз Буонаюта, дадаючы, што ў прытулку, які працуе ўжо 23 гады, многія ахвяры гандлю змаглі пачаць новае жыццё: “цяпер у іх ёсць сям'я і праца”.
“Ідзіце наперад з мужнасцю, нягледзячы на шматлікія цяжкасці, з якімі вы можаце сутыкнуцца”, - заахвоціў дзяўчат кардынал Паралін, запэўніўшы іх у сваёй малітве.