ҽ

Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін Кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін   (AFP or licensors)

Дзяржсакратар: мэта місіі кардынала Дзупі - пошук мірных шляхоў

Місія старшыні Канферэнцыі біскупаў Італіі, звязаная з вайной ва Украіне, заключаецца ў пошуках мірных шляхоў, а не ў пасярэдніцтве ў строгім сэнсе гэтага слова, - адзначыў Дзяржаўны сакратар Святога Пасада.

Марыя Валодзіна - Pope

Непасрэднай задачай міратворчай місіі кардынала Матэа Дзупі з'яўляецца не пасярэдніцтва, а садзейнічанне стварэнню атмасферы, якая магла б прывесці да мірнага ўрэгулявання. У гэтым, па словах Дзяржаўнага сакратара П'етра Параліна, заключаецца місія па пошуку шляхоў да зніжэння напружанасці ва Украіне, даручанай Францішкам старшыні італьянскага епіскапату. На пытанні журналістаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца адказаў у кулуарах прэзентацыі кнігі “Папы і СМІ” ксяндза Дарыё Вігано, якая адбылася 26 мая 2023 года ў пасольстве Італіі пры Святым Пасадзе.

Місія кардынала Дзупі

"Як згадвалася ў СМІ і ў заяве Зяленскага, Кіеў цяпер не гатовы да пасярэдніцтва ў строгім сэнсе гэтага слова. Аднак гэтая місія не ставіць перад сабой у якасці непасрэднай задачы пасярэдніцтва, а хутчэй стварэнне клімату, дапамогу ў тым, каб ісці ў напрамку мірнага ўрэгулявання”, - патлумачыў кардынал Паралін.

Ватыканскі іерарх заўважыў, што “цяпер суразмоўцамі будуць Масква і Кіеў, потым паглядзім”. Што тычыцца часу, то гэта пытанне яшчэ разглядаецца. "Пра гэта рана казаць… Гэта залежыць і ад гатоўнасці чалавека. Думаю, з боку дзвюх сталіц не ўзнікне праблем адносна дат, калі кардынал будзе гатовы паехаць, дастаткова будзе дамовіцца”, – сказаў ён.

Кардынал Паралін адзначыў, што з радасцю ўспрыняў заяву расійскага Міністэрства замежных спраў аб тым, што Масква “станоўча ацэньвае” міратворчую ініцыятыву Папы. "Мы рады, што з боку Масквы ёсць гэтая гатоўнасць прыняць папскага пасланніка, але гэта нічога не мяняе ў сутнасці місіі”, - адзначыў Дзяржсакратар.

Паводкі ў Эміліі-Раманье

Паралін выказаў таксама словы блізкасці і болю з нагоды таго, што адбылося ў італьянскім рэгіёне Эмілія-Раманья, дзе моцныя паводкі прывялі да гібелі людзей і шматлікіх разбурэнняў. Ён адчувае "боль за ахвяр, боль за тых, хто пацярпеў і знаходзіцца ў вельмі складаных умовах", ведае ад біскупаў і святароў "пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца людзі, якія страцілі свае дамы", - падзяліўся іерарх, дадаючы, што разбуральнасць паводкі была выкліканая не толькі надвор'ем, “якое робіць, што хоча”, але і чалавечай нядбайнасцю. Каб прадухіліць падобныя трагедыі, неабходны “павышаны клопат аб тэрыторыі”, - лічыць кардынал.

Стомленасць Папы

Што тычыцца стана здароўя Святога Айца, які адмяніў ранішнія аўдыенцыі з-за тэмпературы, Дзяржсакратар сказаў: "Папа стаміўся. Учора ў яго быў вельмі, вельмі напружаны дзень. Мне казалі, што ўчора ён сустракаўся з шматлікімі людзьмі ў кантэксце мерапрыемства Scholas Occurrentes, ён хацеў прывітаць усіх, і магчыма, у пэўны момант трываласць падвяла”, - заўважыў кардынал Паралін.

27 мая 2023, 10:39