На Вялікдзень плошчу святога Пятра ўпрыгожылі галандскія кветкі
Марыя Валодзіна - Pope
"Дзякуем Богу за гэтыя выдатныя расліны і кветкі і молімся аб Божым благаслаўленні для бяспечнага падарожжа вадзіцеляў і транспарту", - з такімі словамі біскуп Ратэрдама Ханс ван дэн Хендэ акрапіў на мінулым тыдні грузавікі з дзясяткамі тысяч кветак, якія даставілі ў Ватыкан для Велікоднага святкавання.
Квяточныя ўпрыгожванні сталі сведчаннем радасці Уваскрасення Хрыста. “Вялікдзень – самае важнае свята для нас, хрысціян, паколькі святкуецца Уваскрасенне Езуса Хрыста і яго перамога над смерцю. Выдатна, што гэтыя маляўнічыя кветкі з Нідэрландаў падкрэсляць Вялікдзень як самае важнае свята", - адзначыў іерарх.
У якасці асноўнай кветкі галандскія фларысты абралі сёлета ружу, якая прадстаўлена ў белым і чатырох іншых колерах. Сярод іншых раслін і кветак – тысячы галандскіх цюльпанаў, якія пераўтварылі ватыканскую плошчу ў кветкавыя палі. Як звычайна, пераважаюць сімвалічныя для Ватыкана жоўты і белы колеры.
Каля 100 тысяч пілігрымаў запоўнілі сонечную плошчу святога Пятра ў Велікодную раніцу 9 красавіка 2023 года.