ҽ

Папа Ян ХХІІІ. Ілюстрацыйнае фота Папа Ян ХХІІІ. Ілюстрацыйнае фота 

60 гадоў энцыкліцы Яна ХХІІІ Pacem in terris

60 гадоў таму – 11 красавіка 1963 года – святы Ян XXIII, ужо смяротна хворы, выдаў сваю восьмую і, як неўзабаве высветліцца, апошнюю энцыкліку Pacem in terris (Мір на зямлі).

Аляксандр Панчанка – Pope

Дакумент з’явіўся ў вельмі складаны перыяд найноўшай гісторыі, калі менш чым за паўгода да гэтага – у кастрычніку 1962 года – свет стаяў на парозе новай вайны ці, прынамсі, вялікага ўзброенага канфлікту, выкліканага размяшчэннем на Кубе савецкіх ядзерных ракет, нацэленых на ЗША. Папа Ранкалі адыграў важную ролю ў разрадцы тагачаснай напружанасці, а падзеі Карыбскага крызісу моцна паўплывалі на выданне энцыклікі.

Pacem in terris стала першым папскім дакументам такога рангу, скіраваным не толькі “да біскупаў, духавенства і свецкіх вернікаў Каталіцкага Касцёла”, як рабілася звычайна, але таксама “да ўсіх людзей добрай волі ва ўсім свеце”. Ужо толькі гэта надавала энцыкліцы асаблівае месца сярод іншых ватыканскіх дакументаў, - нагадвае інфармацыйнае агенцтва KAI.

Незвычайнымі былі таксама і абставіны падпісання энцыкліцы – хоць на ёй стаіць дата 11 красавіка, насамрэч Святы Айцец падпісаў яе на два дні раней, прычым у прысутнасці тэлекамер і шматлікіх фатографаў. Гэта быў адыход ад ранейшых звычаяў, не толькі ватыканскіх, і надаў падзеі глабальнае вымярэнне. Усясветны водгук атрымала і сама энцыкліка, якая ад самага пачатку выклікала вялікую цікавасць далёка за межамі каталіцкіх колаў.

Дакумент пачынаўся словамі “Мір на зямлі, якога так горача жадаюць мужчыны і жанчыны ўсіх часоў, можа быць адноўлены і ўмацаваны толькі праз вернае захаванне парадку, устаноўленага Богам”. Далей Папа развіў думку пра мір у розных яго вымярэннях, такіх як парадак паміж людзьмі, правы чалавека, абавязкі чалавека, адносіны паміж грамадзянамі і ўладамі палітычнай супольнасці і паміж дзяржавамі, а таксама адносіны людзей і дзяржаўных супольнасцей да сусветнай супольнасці. Энцыкліка завяршалася “Душпастырскімі рэкамендацыямі”: што рабіць на душпастырскім узроўні, каб забяспечыць мір на зямлі.

Ян ХХІІІ спасылаўся  на тэалагічныя погляды галоўным чынам французскіх мысляроў, такіх як П’ер Тэяр дэ Шардэн, Мары-Дамінік Шэню, Анры дэ Любак. Ён падкрэсліваў, што кожны чалавек можа прыйсці да разумення патрэбы дабра дзякуючы сваёй прыродзе, створанай Богам, і можа рэалізаваць іх, прытрымліваючыся агульных прынцыпаў суіснавання, якія можа прыняць кожны. Папа казаў пра важнасць права на свабодную ініцыятыву і прыватную ўласнасць, права на працу і актыўны ўдзел у палітычным жыцці. З маральнага закону Ян XXIII вывеў прынцып суверэнітэту народаў.

Пантыфік звяртаў увагу на тое, што сучасныя грамадствы плюралістычныя і, як вынік, могуць быць свецкімі, а сітуацыя ў сучасным свеце накладае на ўсіх людзей абавязак жыць у згодзе і супрацоўнічаць, а таксама вырашаць канфлікты і непаразуменні шляхам перамоў і разумных кампрамісаў. Ён падкрэсліваў, што мір на зямлі магчымы пры супрацоўніцтве ўсіх дзяржаў, зыходзячы з наступных прынцыпаў: людзі роўныя паміж сабой і маюць правы, неаддзельныя ад чалавечай годнасці; грамадствы роўныя ў сваёй натуральнай годнасці, і з гэтай роўнасці вынікае права кожнай супольнасці на існаванне, уласнае развіццё і належную павагу.

Энцыкліка Pacem in terris стала адной з дактрынальных асноў Другога Ватыканскага Сабору, які распачаўся менш чым за паўгода да яе выдання, і ў прыватнасці прынятай на гэтым пасяджэнні пастырскай канстытуцыі аб Касцёле ў сучасным свеце Gaudium et spes.
 

11 красавіка 2023, 10:05