ҽ

Цырымонія прысягі папскіх гвардзейцаў Цырымонія прысягі папскіх гвардзейцаў  (Vatican Media)

23 швейцарскія гвардзейцы складуць прысягу на вернасць Папу

6 мая 2023 года ў Ватыкане пройдзе традыцыйная штогадовая цырымонія прысягі новых рэкрутаў Папскай швейцарскай гвардыі. Сёлета яе складуць 23 гвардзейцы.

Аляксандр Панчанка – Pope

12 рэкрутаў прамовяць урачысты тэкст па-нямецку, 7 – па-французску, 2 – па-італьянску і яшчэ 2 – на рэтараманскай мове, згодна са сваім паходжаннем.

Цырымонія распачнецца ў 17.00 у Панадворку святога Дамаса ватыканскага Апостальскага палаца або ў Зале Паўла VI, у выпадку дажджлівага надвор’я. Раніцай таго ж дня гвардзейцы і члены іх сем’яў прымуць удзел у літургіі ў базыліцы святога Пятра, якую ўзначаліць швейцарскі кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

За дзень да ўрачыстасці, 5 мая, члены вайсковага корпуса збяруцца на малітву Нешпараў у ватыканскім касцёле Санта-Марыя-Дэла-П’ета на Кампа-Санта-Тэўтоніка. Затым, на бліжэйшай плошчы Рымскіх пратамучанікаў, адбудзецца цырымонія ўскладання кветкавага вянка ў памяць пра гвардзейцаў, загінулых пры абароне Пантыфіка 6 мая 1527 года, і ўручэнне ўзнагародаў, якую правядзе Субстытут па агульных справах Дзяржаўнага сакратарыяту, арцыбіскуп Эдгар Пэн’я Пара.

З нагоды ўрачыстай прысягі ў Ватыкан прыбудзе дэлегацыя Швейцарскай канфедэрацыі пад кіраўніцтвам Віцэ-прэзідэнта Віолы Амерд. У яе склад будуць уваходзіць высокапастаўленыя прадстаўнікі швейцарскага ўраду, арміі, мясцовых уладаў і епіскапату.

Прысяга звычайна адбываецца ў Ватыкане 6 мая, ва ўспамін так званага Sacco di Roma (Рабаванне Рыма) у 1527 годзе, калі 147 з 189 швейцарскіх салдат загінулі ў абароне Клімента VII. Дзякуючы ім, удалося схаваць Папу ў бяспечным месцы, у Замку святога Анёла. Швейцарская гвардыя служыць Рымскім Пантыфікам з 1506 г. Салдаты і афіцэры адказваюць за асабістую ахову Святога Айца і кантралююць уваходы ў Ватыкан.
 

21 красавіка 2023, 10:33