Ватыканскі банк: новыя правілы кіравання
Марыя Валодзіна - Pope
Праз амаль чатыры гады пасля апошняй рэдакцыі ў статут Інстытута рэлігійных спраў (Istituto per le Opere di Religione - IOR) уносяцца новыя змены ў адпаведнасці з апостальскай канстытуцыяй Praedicate Evangelium. Уводзяцца пяцігадовыя мандаты з аднаразовай магчымасцю падаўжэння, а таксама больш гнуткая структура кіравання з больш выразна акрэсленымі ролямі кіруючых органаў, якія дазволяць пазбегнуць дублявання функцый.
Акрамя таго, з хірографа і новага статута IOR выцякаюць змены, накіраваныя на тое, каб пазбегнуць магчымых канфліктаў інтарэсаў. Прадугледжваецца, што "члены Назіральнай рады ўстрымаюцца ад удзелу ў галасаванні па тых пытаннях, у дачыненні да якіх яны маюць зацікаўленасць, відавочную або патэнцыйную, у тым ліку і ад імя трэціх асоб".
Іншая змена тычыцца больш выразнага вызначэння адпаведных роляў і абавязкаў кіруючых органаў банка. Назіральная рада нясе адказнасць за вызначэнне стратэгічных напрамкаў, агульнай палітыкі і нагляду за дзейнасцю IOR. Кіраваць банкам з гэтага часу будзе не калегіяльны орган, які раней складаўся з дырэктара і яго намесніка, а генеральны дырэктар. Такім чынам, роля намесніка дырэктара перастае быць кіруючай і ператвараецца ў функцыю, якую генеральны дырэктар можа дэлегаваць аднаму з супрацоўнікаў.
Генеральны дырэктар будзе па-ранейшаму прызначацца Назіральнай радай і зацвярджацца Камісіяй кардыналаў, але з гэтага часу "на аснове спісу імён як мінімум трох кандыдатаў". Ён можа быць наняты на нявызначаны або абмежаваны тэрмін.
Мэтай Інстытута рэлігійных спраў, які часта называюць Ватыканскім банкам, з'яўляецца "забяспячэнне захоўвання і кіраванне рухомай і нерухомай маёмасцю, перададзенай яму фізічнымі або юрыдычнымі асобамі і прызначанай для рэлігійных або дабрачынных спраў".