ҽ

Кардынал Паралін на прэзентацыі кнігі "Атлас Францішка. Ватыкан і міжнародная палітыка" Кардынал Паралін на прэзентацыі кнігі "Атлас Францішка. Ватыкан і міжнародная палітыка" 

Паралін: спыненне агню – першы крок да міру ва Украіне

Мы накіравалі ўсе нашы творчыя здольнасці на тое, каб аднавіць мірныя перамовы, і "першым крокам павінна стаць спыненне агню", - адзначыў Дзяржаўны сакратар падчас сустрэчы з журналістамі.

Марыя Валодзіна - Pope

Нагодай для размовы з журналістамі стала прэзентацыя кнігі ксяндза Антоніа Спадара "Атлас Францішка. Ватыкан і міжнародная палітыка", якая прайшла 13 сакавіка 2023 года ў рэдакцыі часопіса La Civiltà Cattolica у Рыме.

Святы Пасад, - адзначыў кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін, - мае іншае бачанне, якое адрозніваецца ад бачання асобных дзяржаў. У Святога Пасада цэласнае, "універсалісцкае бачанне" і іншы падыход да пошуку міру. Францішак хоча паехаць і ў Маскву, і ў Кіеў, “паколькі лічыць, што зможа паслужыць міру толькі ў тым выпадку, калі яму ўдасца сустрэцца з двума прэзідэнтамі", Уладзімірам Пуціным і Уладзімірам Зяленскім.

Разважаючы пра дзесяцігоддзе пантыфікату Францішка, Дзяржсакратар назваў яго "вельмі інтэнсіўным", дадаючы, што "ён даў Касцёлу магчымасць быць пачутым у свеце".

Што тычыцца тэмы міграцыі, якую іерарх абмяркоўваў у кулуарах мерапрыемства з прэм'ер-міністрам Італіі Джорджай Мелоні, то, па словах кардынала, у дзяржаўнай палітыцы неабходна кіравацца ўказаннямі Пантыфіка. "Было падкрэслена, - сказаў ён, - што часцей за ўсё гэта палітыка стрымлівання, абмежавання", у той час як неабходна “перайсці да больш адкрытай палітыцы прыёму".

Адказваючы на пытанне пра дыялог з Кітаем, Дзяржаўны сакратар нагадаў пра важнасць пагаднення, дасягнутага паміж Святым Пасадам і Кітаем падчас пантыфікату Францішка. Паралін адзначыў, што адносіны ўсяляюць надзею, і “абодва бакі хочуць працягваць дыялог". "Мы проста просім аб тым, каб католікі маглі заставацца католікамі ў лучнасці з Паўсюдным Касцёлам", - падагульніў ён.

Каментуючы запланаваны на канец красавіка 2023 года візіт у Пекін біскупа Ганконга Стывена Чоу, Паралін назваў яго "пазітыўным жэстам", якім ён “вельмі задаволены". Касцёл у Ганконгу “павінен стаць мастом паміж мацерыковым Кітаем і Паўсюдным Касцёлам”, - лічыць іерарх. Акрамя таго, па словах кардынала, “хаця канчатковае рашэнне яшчэ не прынята", верагодным з’яўляецца падарожжа Францішка ў Манголію.

Нарэшце, на пытанне аб прапанове некаторых нямецкіх біскупаў зацвердзіць благаславенне аднаполым парам, Паралін падкрэсліў, што Святы Пасад ужо даў выразны адказ, адзначаючы, што "дыялог будзе працягвацца ў рамках сінадальнага шляху Паўсюднага Касцёла". Мясцовы Касцёл "не можа прыняць такое рашэнне, звязанае з дысцыплінай Паўсюднага Касцёла".

14 сакавіка 2023, 10:43