ҽ

Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Майкл Чэрны Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Майкл Чэрны  (Yurko Hanchuk)

Кардынал: Касцёл супраць таго, што не прызнае чалавечую годнасць

Касцёл адхіляе ўсе словы і дзеянні, якія не прызнаюць чалавечую годнасць, - так пракаментаваў Сумесную заўвагу пра дактрыну адкрыцця кардынал Майкл Чэрны.

Марыя Валодзіна – Pope

Святы Пасад, канадскія і амерыканскія біскупы сапраўды жадаюць, каб гэтая заўвага дапамагла прымірэнню з карэннымі народамі, - адзначыў прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека ў інтэрв'ю ватыканскім СМІ.

Адказваючы на пытанне аб тым, чаму Святы Пасад вырашыў апублікаваць Сумесную заўвагу пра дактрыну адкрыцця, кардынал Чэрны сказаў, што “аб гэтым прасілі карэнныя народы”, яны прасілі прызнаць непрымальнай так званую дактрыну адкрыцця. Заўвага асуджае гэтую ідэю і тлумачыць, што булы і ўказы XV стагоддзя “ніякім чынам не выказваюць веру і вучэнне Касцёла, які адхіляе любое слова або дзеянне, якое не прызнае чалавечай годнасці”.

Іерарх падкрэсліў, што дакумент носіць афіцыйны характар, напісаны фармальнай мовай, бо такая была просьба. Тыя, хто жадае пачуць меркаванне Касцёла ў пастырскім тоне, павінны шукаць яго не ў Заўвазе, а ў казаннях і прамовах святога Яна Паўла II (1984 год) і Францішка ў Канадзе (2022 год). У ліпені 2015 года ў Балівіі Францішак таксама прасіў Касцёл "схіліць калені перад Богам і папрасіць прабачэння за мінулыя і сучасныя грахі яго сыноў і дачок".

Адказваючы на пытанне аб значэнні трох Папскіх бул XV стагоддзя, якія дазвалялі каланізатарам прысвойваць землі і маёмасць карэнных народаў, кардынал Чэрны ўдакладніў, што “була - гэта ўказ, на якім стаіць пячатка, аднак гэта не вучэнне”. У канцы XV стагоддзя Папа імкнуўся захаваць мір і пазбегнуць вайны паміж іспанскай і партугальскай каронамі, якія жадалі каланізаваць Новы свет. Пры гэтым Папа выкарыстоўваў тагачасную мову і “выказванні, якія для нас сёння цалкам непрымальныя, але ў той час так казалі”.

“Мы прызнаем, што гэта сумная гісторыя”, - сказаў іерарх. - Аднак гэтага прызнання недастаткова, “трэба прызнаваць, абараняць і прасоўваць годнасць кожнага чалавека, гэта значыць, і правы карэнных народаў”. “Пры поўнай падтрымцы Святога Айца і Ватыкана, Касцёлы Канады і Злучаных Штатаў імкнуцца прымірыцца з карэннымі народамі і спрыяць іх развіццю з максімальнай павагай да іх ідэнтычнасці, культуры і традыцый", - запэўніў прэфект.

У Папскіх булах гаворыцца пра панаванне, заняволенне, захоп зямель і рабства, гэта цяжкая спадчына. На думку кардынала Чэрнага, першым крокам у адказ на яе трэба прызнаць, што такое было сказана, не хаваць і не адмаўляць гэтага. Другі крок – разгледзець гэтыя словы ў гістарычным кантэксце. "Калі вы паглядзіце, як у тую эпоху ў іншых дакументах і ўказах Касцёла гаварылася пра жанчын, дзяцей, яўрэяў ці мусульман, вы, на жаль, заўважыце, што такая лексіка была паўсюль. Нічога не зробіш, акрамя як прызнаць усё гэта. Мы робім гэта не з гістарычнай цікаўнасці, а для таго, каб прызнаць, што гэтыя адносіны, гэтыя няўдалыя крокі працягваюць аказваць свой уплыў і сёння". На думку кардынала Чэрнага, наступствы каланізацыі неабходна прызнаць для таго, каб як мага хутчэй пераадолець іх, “каб палепшыць умовы жыцця карэнных народаў і спрыяць іх развіццю, з павагай да іх ідэнтычнасці, мовы, культуры і правоў”.

Па яго словах, апостальскае падарожжа Францішка ў Канаду ў ліпені 2022 года паставіла ўсе гэтыя пытанні на парадак дня. Папа прызнаў, што спадчына каланізацыі працягвае аказваць свой уплыў на сённяшнюю рэальнасць. “Ён сказаў: мы гатовыя і хочам пераадолець усе грахі мінулага”. Гэта смялей, чым проста сказаць: мы дадзім гістарычнае тлумачэнне, - лічыць іерарх. Акрамя таго, Святы Айцец паказаў, як спраўляцца з вострымі праблемамі мінулага: неабходна слухаць іншых. Сумесная заўвага была апублікавана менавіта ў кантэксце слухання і дыялогу з карэннымі народамі, - зазначыў прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

31 сакавіка 2023, 10:35