Святы Пасад у ААН пра задачы міратворчых аперацый
Марыя Валодзіна - Pope
Пастаянны назіральнік Святога Пасада ў ААН нагадаў пра апостальскае падарожжа Францішка ў Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан. У абедзвюх дзяржавах міратворцы аказваюць дапамогу ўладам у дасягненні стабільнасці і даюць надзею насельніцтву, абцяжаранаму гадамі вайны, - зазначыў ён.
Ватыканскі дыпламат заклікаў ААН прывесці структуру арганізацыі і метады працы ў адпаведнасць з маштабам і высакароднасцю яе задач. Ён падкрэсліў неабходнасць прасоўваць такую палітыку, якая б арыентавала дзяржаўную ўладу на дасягненне агульнага дабра – крыніцы, з якой вынікае яе легітымнасць.
Іерарх заклікаў да павелічэння колькасці жанчын-міратворцаў, нагадаўшы словы Францішка аб тым, што “жанчыны могуць унесці свой унікальны ўнёсак у жыццё грамадства”, “стаць першымі саюзнікамі міру”.
На думку арцыбіскупа Кача, “абарона грамадзянскага насельніцтва ўяўляе сабой першарадную задачу міратворчых аперацый”. Гэта распаўсюджваецца на абарону асабістых правоў і абавязкаў чалавека, таму кампаненты маніторынгу правоў чалавека павінны быць уключаны ў мандаты ўсіх міратворчых місій. Забеспячэнне законнасці міратворчых аперацый патрабуе выкаранення ўсіх формаў сэксуальнай эксплуатацыі, а таксама іх негатыўнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, - адзначыў прадстаўнік Святога Пасада.
Іерарх заклікаў міратворцаў да больш актыўнага ўзаемадзеяння з усімі пластамі насельніцтва, з грамадзянскай супольнасцю і асабліва з рэлігійнымі арганізацыямі, якія могуць даць "сапраўдныя магчымасці для дыялогу і сустрэч паміж рознымі народамі і культурамі".