Святы Пасад: не дазваляць штучнаму інтэлекту карыстацца зброяй
Марыя Валодзіна - Pope
“Намаганні, накіраваныя на стварэнне штучнага інтэлекту ў ваенным сектары, павінны суправаджацца яшчэ большымі намаганнямі па пашырэнні адказнасці нашых сэрцаў і розумаў, каб наогул пазбегнуць канфліктаў”, - адзначыла намесніца сакратара Аддзела па сувязях з краінамі Дзяржсакратарыята Франчэска Дзі Джавані, выступаючы на канферэнцыі па адказнаму выкарыстанню штучнага інтэлекту на вайне. Мерапрыемства прайшло 15-16 лютага 2023 года ў Гаазе.
На думку Дзі Джавані, сама гаворка пра “адказныĝ штучны інтэлект з’яўляецца супярэчлівай. Існуе надзённая неабходнасць “падтрымліваць і падкрэсліваць розніцу паміж людзьмі і аб'ектамі”. Сістэмы, заснаваныя на штучным інтэлекце, “не могуць думаць, адчуваць, прымаць рашэнні ці браць на сябе адказнасць, паколькі ім не хапае маральнага імпульсу”. Яны могуць толькі выконваць інструкцыі і мадэляваць паводзіны, але “рэальнасць не можа быць зведзена да мадэлявання самой сябе”, - звярнула ўвагу старшыня ватыканскай дэлегацыі.
“Калі важныя паўнамоцтвы па прыняцці рашэнняў у дачыненні да прымянення зброі дэлегуюцца сістэме, паводзіны якой непрадказальныя, а мэта і сфера дзейнасці – неакрэсленыя або невядомыя”, напрыклад, аўтаномным сістэмам узбраення, якія валодаюць здольнасцю саманавучання, то “найважнейшая сувязь паміж дзеяннямі, наступствамі і адказнасцю непазбежна будзе пастаўлена пад пагрозу”, тым больш што, “кожнае ўзброенае ўмяшальніцтва павінна быць старанна ўзважана, а яго легітымнасць даказана”, - заўважыла Дзі Джавані.
Гэта не значыць, падкрэсліла яна, што Святы Пасад мае намер чыніць перашкоды даследаванням, распрацоўкам і выкарыстанню тэхналогій. Наадварот, яны павінны быць накіраваны на больш прыдатныя і карысныя справы: спрыяць агульнаму дабру чалавецтва, паважаць чалавечую годнасць і садзейнічаць інтэгральнаму развіццю чалавека.
Прадстаўніца Святога Пасаду выступіла з прапановай стварэння міжнароднага агенцтва па штучнаму інтэлекту з мэтай яго мірнага выкарыстоўвання дзеля паменшэння няроўнасці, а таксама прадухілення і абмежавання яго непрадбачаных наступстваў.