Галахер: справядлівы мір азначае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны
Аляксандр Панчанка – Pope
Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падкрэсліў, што намаганні Папы і Апостальскай Сталіцы накіраваны на тое, каб пакласці канец вайне. Адначасова іерарх заўважыў, што на гарызонце яшчэ не бачна міру, які павінен быць справядлівым, гэта значыць павінен паважаць тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.
Падводзячы вынікі Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, якая прайшла 17-19 лютага 2023 года, папскі дыпламат нагадаў, што форум быў з большага прысвечаны вайне ва Украіне. Канферэнцыя стала нагодай для дэманстрацыі еднасці, падтрымкі і спачування Украіне ў гэты час.
“Іншы бок – Расія – адсутнічаў, і, магчыма, таму не было такога абмену ідэямі, пазіцыямі і выклікамі, якія маглі б стаць карыснымі ў гэтых абставінах”, - заўважыў арцыбіскуп, прызнаючыся, што форум паглыбіў яго “прыкрае ўсведамленне сур’ёзнасці сітуацыі, небяспекі, з якой сутыкнулася Еўропа і свет у гэты момант”.
Кіраўнік ватыканскай дыпламатыі лічыць, што нягледзячы на аднадушнасць у асуджэнні расійскай агрэсіі з боку палітычных лідараў і іх рашучасць “падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца”, існуе таксама “схаваная занепакоенасць коштам гэтай салідарнасці”. “Нягледзячы на тое, што гэтыя людзі рашучыя, смелыя і жадаюць быць вельмі велікадушнымі, у той жа час, відавочна, што гэтыя лідары з’яўляюцца таксама палітыкамі, і яны ведаюць, што грамадская думка ў многіх краінах Еўропы ставіць пад сумнеў гэту палітычную стратэгію і хвалюецца”, - дадаў іерарх.
Прадстаўнік Святога Пасаду пракаментаваў прамову Прэзідэнта Расіі 21 лютага, у якой ён абвінаваціў Захад у развязванні вайны і заявіў, што гэта пытанне выжывання Расіі. “Казаць, што гаворка ідзе пра выжыванне Расіі – гэта памылковая інтэрпрэтацыя геапалітыкі апошніх гадоў. Я сапраўды не бачу, каб Расіі пагражалі да 24 лютага мінулага года”, - сказаў арцыбіскуп Галахер, дадаючы, што магло быць супрацьстаянне расійскай палітыцы і стратэгіям. “Але я не думаю, што нехта на Захадзе меў намер нейтралізаваць Расію такім чынам. Цяпер, вядома, калі яны здзейснілі гэтае страшэннае ўварванне, сітуацыя зусім іншая”, - дадаў ён.
Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі назваў “вельмі дрэннай навіной” паведамленне пра тое, што Расія прыпыняе ўдзел у Дагаворы аб стратэгічных наступальных узбраеннях. Ён звярнуў увагу на вялізарную эрозію ядзерных канвенцый і пагадненняў у апошнія гады, нагадваючы, што гэта стварае пагрозу для ўсяго свету, робячы яго небяспечным.
Святы Пасад прыхільны ідэі свету без ядзернай зброі, але прымае мірнае выкарыстанне атамнай энергіі. Адказваючы на пытанне пра магчымасць перарастання вайны ў ядзерны канфлікт, арцыбіскуп Галахер адзначыў, што “гэта небяспека існуе заўсёды”. “Спадзяюся, што да гэтага не дойдзе, але выключаць гэтага нельга”, - сказаў ён.
Іерарх пагадзіўся са сцвярджэннем многіх аналітыкаў адносна таго, што вайна пахіснула міжнародны парадак. Было скампраметавана тое, што называецца “парадкам, заснаваным на правілах у міжнародных адносінах” і з’явілася вельмі небяспечная тэндэнцыя “прытрымлівацца правіл, калі яны выгодныя”, і не прытрымлівацца абавязкаў, узятых на сябе ў мінулым.
Гаворачы пра магчымасць падарожжа Святога Айца ва Украіну, арцыбіскуп заўважыў, што ідэальным сцэнарам быў бы візіт і ў Кіеў і ў Маскву, але запрашэнне з расійскага боку не прыходзіць. Іерарх назваў магчымым варыянт, калі б Пантыфік паехаў толькі ў Кіеў: але “паўстае іншае пытанне, ці будзе гэта эфектыўным у тым ключы, якога жадае Папа ад магчымага візіту?”.
“Я не думаю, што ён хоча, каб візіт быў проста жэстам ці сімвалам, хоць візіт для таго, каб падбадзёрыць людзей, выказаць салідарнасці з імі і спачуванне іх пакутам мае сваю каштоўнасць”, - сказаў арцыбіскуп, дадаючы, што Францішак хоча адведаць абодва бакі ў той час, калі яго “візіт будзе мець ключавое значэнне для заканчэння гэтай жудаснай вайны”. “Я лічу, што на дадзены момант такіх умоў і такой сітуацыі не існуе”, - дадаў кіраўнік папскай дыпламатыі.
Іерарх адзначыў важнасць намаганняў на карысць “справядлівага міру”. На пытанне журналіста пра тое, што ён разумее пад гэтым паняццем, арцыбіскуп Галахер адказаў, што “справядлівы мір азначаў бы выйсце расіян з тэрыторыі Украіны”, а таксама прыпыненне ваенных дзеянняў і перамовы для дасягнення згоды ці, прынамсі, перамір’я. Сакратар па адносінах з дзяржавамі выказаў меркаванне, што наўрад ці расійскі лідар лічыў, што вайна зацягнецца да такі доўгі час. “Я асабіста не веру, што Расія зможа пакарыць украінскі народ, нават калі б былі дасягнуты вялікія ваенныя поспехі”, - падзяліўся перакананасцю арцыбіскуп Галахер.