Кардынал Краеўскі: Бэнэдыкт XVI вучыў нас любіць Касцёл
Аляксандр Панчанка - Pope
У 1998 годзе цяперашні прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні стаў супрацоўнікам Службы папскіх літургічных цэлебрацый, а ў 1999 быў прызначаны папскім цырымоніймайстрам. Гэту пасаду ён займаў на працягу ўсяго пантыфікату Бэнэдыкта XVI. Кардынал Краеўскі прызнаўся, што яго заўсёды захаплялі тэксты Бэнэдыкта XVI пра літургію і словы пра тое, як Бог дзейнічае ў сакрамэнтах. Амаль дзесяць гадоў схаванага жыцця Папы-эмерыта ён назваў “лёгкімі” Касцёла.
“Я думаю, што гэта былі лёгкія Касцёла. Дзякуючы ім Касцёл мог дыхаць, усведамляючы, што мае ў тылу такога чалавека, які выключыў сябе са свету, каб быць толькі з Богам. І што ён знаходзіўся ў Ватыканскіх садах, якія размяшчаюцца быццам у тылу ватыканскай базылікі і рэзідэнцыі цяперашняга Папы”, - дадаў іерарх.
Апостальскі элемазінарый распавёў, што часта сустракаўся з Бэнэдыктам XVI. “Як немец ён вёў вельмі размераны лад жыцця і заўсёды ў 16.00 выходзіў у сады, а я ў гэты час нярэдка хадзіў туды на прабежку. Я бачыў, як ён сядзеў са сваім сакратаром і маліўся. Заўсёды з ружанцам у руках. Гэта быў наш тыл. Мы, занятыя рознымі справамі, якія трэба было зрабіць на працягу дня, ведалі, што ў гэтым кляштары знаходзіцца чалавек, які моліцца за Касцёл. Гэта давала нам сілу і моц”, - сказаў кардынал.
Прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні адзначыў, што ў сваёй сціпласці Бэнэдыкт XVI ззяў дабрынёй і любоўю Бога, адкрываючы такім чынам прыгажосць Евангелля. Іерарх дадаў, што цяпер прыйдзе час адкрыць для сябе гэта вучэнне. У кантэксце слоў з духоўнага запавету Папы-эмерыта: “Стойце цвёрда ў сваёй веры! Не дайце сябе падмануць!” – ён адзначыў, што Бэнэдыкт XVI таксама заахвоціў бы нас не баяцца давяраць Езусу і Яго Касцёлу.
“Папа неаднаразова нагадваў, што трэба давяраць Касцёлу, бо ён вядзе нас у правільным кірунку. Ён увесь час гаварыў пра Касцёл, вучыў нас любіць Касцёл, бо вельмі любіў Касцёл з усімі яго недасканаласцямі, і ведаў пра іх больш за ўсіх, бо Кангрэгацыя Веравучэння на чале з ім, займалася таксама вельмі складанымі касцёльнымі справамі. Але было бачна, што ён любіў гэты Касцёл, бо Касцёл – Хрыстовы, нават такі пабіты”, - сцвердзіў кардынал Конрад Краеўскі.