Духоўны тэстамент Бэнэдыкта XVI: у мяне шмат прычын для падзякі
Аляксандр Амяльчэня - Pope
У тэксце на нямецкай мове Бэнэдыкт XVI напісаў: “Азіраючыся ў гэту познюю гадзіну майго жыцця на пражытыя дзесяцігоддзі, я перш за ўсё бачу, як шмат у мяне прычын для падзякі. У першую чаргу я дзякую самому Богу, даўцу ўсякага дабра, Які падарыў мне жыццё і правёў праз розныя хвіліны замяшання. Ён заўсёды падтрымліваў мяне, калі я пачынаў спатыкацца, і заўсёды дарыў мне нанова святло Свайго аблічча. Азіраючыся назад, я бачу і разумею, што нават цёмныя і стомныя часткі гэтага шляху былі дзеля майго збаўлення, і што менавіта ў іх Ён шчасна накіроўваў мяне”.
Аўтар тэстаменту дзякуе сваім бацькам: “Яны далі мне жыццё ў цяжкі час і цаной вялікіх ахвяр, сваёй любоўю яны падрыхтавалі для мяне цудоўны дом, які, як яркае святло, асвятляе ўсе мае дні да гэтага часу”.
“Пранікнёная вера майго бацькі вучыла нас, дзяцей, верыць, і заўсёды кіравала ўсімі маімі навуковымі дасягненнямі; глыбокая набожнасць і вялікая дабрыня маёй маці – гэта спадчына, за якую я ніколі не змагу аддзячыць ёй у належнай меры”, - прызнаўся Бэнэдыкт XVI.
Ён таксама ўспомніў сваіх сястру і брата: “Мая сястра бескарысліва і з далікатным клопатам дапамагала мне на працягу дзесяцігоддзяў; мой брат – дзякуючы яснасці сваіх меркаванняў, цвёрдай рашучасці і сардэчнаму спакою – заўсёды пракладваў мне шлях”.
Бэнэдыкт XVI выказаў удзячнасць сваім сябрам і супрацоўнікам на ўсіх этапах свайго жыцця.
“Дзякую жыхарам маёй Радзімы, бо ў іх я заўсёды мог зноўку адчуць прыгажосць веры. Малюся, каб наша краіна заставалася краінай веры, і прашу вас, дарагія суайчыннікі: не аддаляйцеся ад веры”.
Затым ён дадаў: “Я прашу прабачэння ад усяго сэрца ва ўсіх, каго я чымсьці пакрыўдзіў”.
“Тое, што раней казаў суайчыннікам, кажу цяпер усім даручаным майму служэнню ў Касцёле: Стойце цвёрда ў сваёй веры! Не дайце сябе падмануць! (...) Езус Хрыстус сапраўды з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём, а Касцёл, з усімі яго недасканаласцямі, сапраўды з’яўляецца Яго целам”, - напісаў Пантыфік.
“Нарэшце, я пакорліва прашу: памаліцеся за мяне, каб Пан, нягледзячы на ўсе мае грахі і недахопы, прыняў мяне ў вечны дом. Аб усіх, даручаных мне людзях, з дня ў дзень узносяцца мае сардэчныя малітвы”, - так завяршаецца духоўны тэстамент Бэнэдыкта XVI.