У Ватыкане пачаўся збор тэрмаадзення для ўкраінцаў
Аляксандр Панчанка – Pope
З заклікам далучыцца да ініцыятывы звярнуўся Апостальскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі, прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па міласэрным служэнні. Тэрмаадзенне стане калядным падарункам, які будзе перададзены ў першай палове студзеня жыхарам Украіны. З-за вайны, а таксама перабояў у падачы электрычнасці і газу, сёлета іх чакае надзвычайна цяжкая зіма.
Кардынал Конрад Краеўскі, які ад імя Святога Айца займаецца дапамогай патрабуючым, звярнуўся да супрацоўнікаў Ватыкана з просьбай далучыцца да збору неабходных у гэтай сітуацыі рэчаў – напрыклад, тэрмакашуль для мужчын, жанчын і дзяцей.
Зварот адкрыты для ўсіх, хто хоча выказаць падтрымку ўкраінцам, якія не пакінуў сваю краіну падчас працяглага расійскага ўварвання. Тэрмаадзенне можна прынесці асабіста ў сядзібу Апостальскай элемазінарыі або адправіць пасылкай па адрасе: Elemosineria Apostolica, Cortile Sant’Egidio, 00120 Città del Vaticano. Збор працягнецца да пачатку снежня.
Кардынал Конрад Краеўскі ўжо чатыры разы ездзіў ва Украіну ад імя папы Францішка, прывозячы гуманітарную дапамогу. Двойчы ён прыязджаў на машыне хуткай дапамогі, а ў апошнюю паездку кіраваў мікрааўтобусам, які пакінуў валанцёрам на поўдні Украіны.