Святы Пасад: Бэнэдыкт XVI добра адпачыў, яго стан стабільны
Стан Бэнэдыкта XVI стабільны, - паведаміў 30 снежня 2022 года кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Матэа Бруні, адказваючы на пытанні журналістаў.
Аляксандр Панчанка - Pope
“Мінулай ноччу Папа-эмерыт добра адпачыў. Учора ён таксама ўдзельнічаў у цэлебрацыі святой Імшы ў сваім пакоі. На дадзены момант яго стан стабільны”, - адзначыў афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду.
Тым часам у розных кутках свету трываюць малітоўныя ініцыятывы ў адказ на заклік папы Францішка, які падчас агульнай аўдыенцыі ў сераду заклікаў маліцца за яго папярэдніка на Пасадзе святога Пятра, стан здароўя якога пагоршыўся ў апошнія дні.
30 снежня 2022 года ў інтэнцыі Папы-эмерыта адбылася святая Імша ў базыліцы святога Яна на Латэране, якую ўзначаліў Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі кардынал Анджэла Дэ Данаціс.
30 снежня 2022, 20:48