ҽ

Кардынал Раньера Канталамеса Кардынал Раньера Канталамеса  

Кардынал Канталамеса: Касцёл павінен устаць на бок ахвяр

2 снежня 2022 года ў Ватыкане прагучала першае адвэнтавае казанне. Сёлета кардынал Раньера Канталамеса абраў у якасці тэмы тры тэалагічныя цноты: веру, надзею і любоў.

Марыя Валодзіна – Pope

Папскі прапаведнік разглядаў цноту веры праз прызму метафары брамы: Бог “адчыніў брамы веры язычнікам” (Дз 14, 27). На думку прапаведніка, Бог адчыняе брамы веры, паколькі дае магчымасць верыць, а чалавек адчыняе брамы веры, вітаючы такую магчымасць. З прыходам Хрыста адбываецца “якасны скачок” веры. Цяпер гаворка ідзе ўжо не аб агульнай веры ў Бога, а аб веры ў Таго, Каго паслаў Бог, аб веры ў Хрыста, народжанага, памерлага і ўваскрослага за нас.

Узнікае вельмі актуальнае пытанне: што думаць пра тых, у каго няма шанцаў паверыць у Хрыста? У сённяшнім плюралістычным грамадстве між рэлігіямі ідзе дыялог, заснаваны на ўзаемнай павазе і прызнанні каштоўнасцей кожнай з іх. Прыхільнікі іншых рэлігій таксама звычайна вераць у тое, што Бог “існуе і дае ўзнагароду тым, хто Яго шукае” (Гбр 11, 6), як і ў тое, што трэба дзейнічаць па сумленні і рабіць дабро бліжняму.

У Касцёле існуе перакананне, што нават людзі па-за яго межамі могуць атрымаць збаўленне, таму ў літургіі ёсць малітва “за ўсіх тых, хто выратаваны па заслугах Хрыста, але не ведае гэтага і не можа аддзячыць Яму”. Мы верым, што ўсе ратаваліся і ратуюцца па заслугах Хрыста, бо “няма іншага імя пад небам, дадзенага людзям, у якім мы можам атрымаць збаўленне” (Дзеі 4, 12). Аднак адна справа – сцвярджаць універсальную патрэбу ў Хрысце для збаўлення, іншая – сцвярджаць універсальную патрэбу ў веры ў Хрыста для збаўлення.

“Ці патрэбна тады працягваць абвяшчаць Евангелле?” - запытаўся капуцын і даў станоўчы адказ: “Міжканфесійны дыялог не выступае супраць евангелізацыі, а вызначае яе стыль”. Такі дыялог з'яўляецца часткай евангелізацыйнай місіі Касцёла. Мандат Хрыста: “Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсякаму стварэнню” (Мк 16, 15) і “навучайце ўсе народы” (Мц 28, 19) захоўвае сваю вечную актуальнасць, але яго варта разумець у гістарычным кантэксце. Гэтыя словы былі напісаны ў той час, калі “увесь свет” і “усе народы” азначалі не толькі Ізраіль, але і астатні свет. Яны застаюцца дзейснымі, але для тых, хто ўжо належыць да іншай рэлігіі, патрабуецца павага, цярпенне і любоў.

Затым прапаведнік звярнуў увагу на адносіны паміж верай і навукай. Ён узгадаў сенсацыйныя фотаздымкі, атрыманыя з новага тэлескопа, “здольнага катапультаваць нас назад, у час, вельмі блізкі да Вялікага выбуху”. “Мы былі б дурныя і няўдзячныя”, калі б не адчувалі гонару за гэта навуковае адкрыццё, якое, на думку кардынала Канталамеса, “павінна не памяншаць верагоднасць веры, а павялічваць яе”, бо ў неабсяжнасці сусвету Бог захацеў даць нам адчувальны знак Яго бясконцай велічы.

“Вернікі - не страусы. Яны не хаваюць галаву ў пясок, каб не бачыць”. Яны таксама адчуваюць здзіўленне перад мноствам таямніц і супярэчнасцей сусвету, эвалюцыі, гісторыі, Бібліі. Аднак вернікі могуць пераадолець здзіўленне, бо маюць “поўную і радасную” упэўненасць у асобе Хрыста, Яго жыцці і словах.

Вера - адзіны крытэрый, які дазваляе нам правільна ставіцца не толькі да навукі, але і да гісторыі. Чалавецтва перажыло ў апошнія гады мінулага стагоддзя вызваленне ад прыгнятальнай улады камуністычных таталітарных сістэм, але не паспелі мы ўздыхнуць з палёгкай, як у свеце зноў несправядлівасць і гвалт. Былі тыя, хто ў канцы "халоднай вайны" наіўна меркавалі, што трыумф дэмакратыі паложыць канец вялікім узрушэнням. Неўзабаве гэты тэзіс быў абвергнуты падзеямі: з'яўленнем іншых дыктатур і пачаткам іншых войнаў, ад Персідскага заліва да Украіны.

Гісторыя – гэта бесперапынная барацьба дабра і зла, перамогі бязбожных і пакут праведнікаў. Перамогу дабра над злом варта шукаць не ў гісторыі, а па-за яе межамі, лічыць Папскі прапаведнік. Падзеі могуць выйсці з-пад кантролю людзей, але не Бога. Бог просіць давяраць Яму і Яго справядлівасці, нягледзячы ні на што. Ён не дазволіць, каб апошняе слова засталося за злом.

Людзі, якія спрыялі прагрэсу сваёй краіны і свету, застаюцца ў памяці пакаленняў. Імёны ж тыранаў і злодзеяў стагоддзямі ўзгадваюць з пагардай і асуджэннем. У святле вечнасці, не каты з'яўляюцца сапраўднымі пераможцамі, а іх ахвяры. Каб не назіраць пасіўна за развіццём гісторыі, Касцёл павінен устаць на бок прыгнечаных, бедных, слабых і ўсіх тых, хто нясе цяжар няшчасцяў і войнаў, - завяршыў адвэнтавае казанне кардынал Канталамеса.

02 снежня 2022, 12:38