Папа ўмацаваў кантроль за фондамі курыяльных ведамстваў
Аляксандр Панчанка – Pope
Францішак пастанавіў, што эканамічныя органы Рымскай курыі будуць ажыццяўляць кантроль за дзейнасцю фондаў, якія ўзніклі ў рамках розных курыяльных структур і дагэтуль карысталіся пэўнай аўтаноміяй.
“Нягледзячы на тое, што гэтыя арганізацыі маюць фармальна асобную юрыдычную асобу і пэўную адміністрацыйную аўтаномію”, трэба прызнаць, - напісаў Пантыфік, - што “яны спрыяюць рэалізацыі мэт, уласцівых курыяльным установам, дапамагаючы служэнню Наступніка Пятра” і, такім чынам, яны таксама з’яўляюцца “ўстановамі Святога Пасаду”, калі іншае не прадугледжана заканадаўствам.
Паколькі іх маёмасць з’яўляецца часткай спадчыны Апостальскай Сталіцы, “неабходна, каб яны падвяргаліся не толькі нагляду курыяльных ведамстваў, ад якіх залежаць, але таксама кантролю і нагляду з боку эканамічных органаў Рымскай курыі”, - зазначыў Папа.
Такім чынам, гэтыя “інструментальныя юрыдычныя асобы” будуць “выразна адрознівацца ад іншых фондаў, асацыяцый і некамерцыйных арганізацый”, якія “нарадзіліся з ініцыятывы прыватных асоб і не спрыяюць рэалізацыі належных мэт курыяльных ведамстваў”, - гаворыцца ў дакуменце. Існуючыя “інструментальныя юрыдычныя асобы” павінны будуць дастасавацца да палажэнняў motu proprio на працягу трох месяцаў пасля яго ўступлення ў сілу, якое прадугледжана 8 снежня 2022 г.
Папская камісія па справах Дзяржавы Ватыкан абнародавала закон, які таксама набудзе сілу з 8 снежня 2022 г., які пашырае прымяненне motu proprio на суб’екты Дзяржавы Ватыкан. Курыяльныя ведамствы і структуры Рымскай курыі, установы, звязаныя са Святым Пасадам, Губернатарам Дзяржавы Ватыкан і арганізацыі, якія прафесійна ажыццяўляюць дзейнасць фінансавага характару, выключаюцца са сферы прымянення закона. Палажэнне з’яўляецца часткай рэформаў, акрэсленых Папам у Апостальскай канстытуцыі Praedicate Evangelium.