ҽ

Падчас сустрэчы Францішка і Бэнэдыкта XVI Падчас сустрэчы Францішка і Бэнэдыкта XVI 

Францішак пра Бэнэдыкта XVI

Францішак заўсёды з павагай і любоўю выказваўся пра Бэнэдыкта XVI, падкрэсліваў яго веліч, дзякаваў за прыклад пакоры і святасці, заклікаў маліцца за яго.

Першыя думкі Францішка ў звароце да вернікаў, які прагучаў 13 сакавіка 2013 г. з лоджыі базылікі св. Пятра, тычыліся менавіта яго папярэдніка: “Перш за ўсё, я хацеў бы памаліцца за нашага біскупа-эмерыта Бэнэдыкта XVI. Будзем усе разам маліцца за яго, каб Пан яго благаславіў, а Божая Маці яго абараняла”, - адзначыў тады новаабраны Пантыфік.

“Бэнэдыкт XVI – вялікі Папа”, - казаў Францішак 27 кастрычніка 2014 г., падчас інаўгурацыі бюста Ёзэфа Ратцынгера ў Папскай акадэміі навук. Бэнэдыкт XVI з’яўляецца вялікім, дзякуючы “сіле і праніклівасці свайго розуму, дзякуючы свайму значнаму ўкладу ў тэалогію, сваёй любові да Касцёла і людзей, сваім цнотам і рэлігійнасці”, - казаў Святы Айцец.

Францішак характарызаваў Папу-эмерыта як “чалавека Божага і чалавека малітвы”. Ён называў сыход Бэнэдыкта XVI з Пасаду св. Пятра “ўчынкам святасці, велічы і пакоры”, параўноўваў яго з мудрым дзядулем у доме, а праз год пасля яго сыходу пісаў у “Твітэры”: “Сёння заклікаю разам са мной маліцца за Яго Святасць Бэнэдыкта XVI, чалавека вялікай адвагі і пакоры”.

Святы Айцец казаў, што існаванне Папы на пенсіі нікога не павінна непакоіць. Ён заўважаў, што калісьці і існаванне звычайных біскупаў на пенсіі было выключэннем, а цяпер гэта нармальная з’ява. Тое ж тычыцца і папства. “Чаму? Таму што наша жыццё становіцца больш доўгім і ў пэўным узросце знікае здольнасць добра кіраваць, бо цела стамляецца”, - казаў ён.

Францішак рэгулярна наведваў свайго папярэдніка ў яго рэзідэнцыі ў Ватыканскіх садах.
 

31 снежня 2022, 12:00