ҽ

Бэнэдыкт XVI падчас Urbi et Orbi Бэнэдыкт XVI падчас Urbi et Orbi 

Бэнэдыкт XVI пра сябе і сваю місію

“Не належу больш да старога свету, але і новы, насамрэч, яшчэ не пачаўся”, – так Бэнэдыкт XVI казаў пра самога сябе. Гэтыя словы можна знайсці ў кнізе “Апошнія прамовы”.

Уражвае менавіта другая частка сказа: “Новы свет яшчэ не пачаўся”. Гэта сутнасць Ёзэфа Ратцынгера – тэолага, кардынала і Пантыфіка: ніколі не задавальняцца проста фармуліроўкамі. На працягу ўсяго свайго жыцця ён шукаў, даследаваў, задаваў пытанні. Нават тады, калі быў Папам, яго прамовы і гаміліі былі пазначаны гэтым пошукам. Менавіта таму ў яго атрымлівалася распальваць дыскусіі, у тым ліку і ўнутры самога Касцёла.

Адна з апошніх гамілій папы Бэнэдыкта XVI выяўляе гэта цудоўным і канчатковым чынам: калі ён казаў пра мудрацоў, што шукалі нованароджанага караля. “Тыя, якія тады ішлі ў кірунку невядомага, былі, у любым выпадку, людзьмі з неўтаймаваным сэрцам. Яны былі людзьмі, якімі кіраваў неўтаймаваны пошук Бога і збаўлення свету. Былі людзьмі, якія знаходзіліся ў чаканні, не задавальняліся стабільным заробкам і, магчыма, істотнай пазіцыяй у грамадстве. Яны шукалі больш высокай рэчаіснасці. Магчыма, яны былі людзьмі высокаадукаванымі, з шырокімі ведамі пра зоркі і, можа, нават мелі філасофскую фармацыю. Але яны хацелі не проста шмат ведаць. У першую чаргу, яны жадалі пазнаць важнае. Яны хацелі ведаць, як умець быць чалавекам. І па гэтай прычыне мелі жаданне ведаць, ці існуе Бог, дзе Ён і Які Ён. Хацелі ведаць, ці клапоціцца Ён пра нас і як можам сустрэць Яго. Яны хацелі не толькі ведаць. Хацелі пазнаць праўду пра нас, Бога і свет. Іх унутраная пілігрымка была выразам унутранага прабывання ў дарозе, унутранага пілігрымавання сэрца. Яны былі людзьмі, якія шукалі Бога, і, па сутнасці, былі на шляху да Яго. Яны былі тымі, хто шукае Бога” (гамілія на ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, 6 студзеня 2013 г.). Гэтыя ж словы Ёзэф Ратцынгер мог сказаць пра самога сябе.

Застаючыся тэолагам, кардыналам і Папам, ён паспрыяў таму, каб “новае” заставалася тым, што варта адкрываць. Нягледзячы на ўсе свае кнігі, прамовы і заўвагі, ён заставаўся неўтаймаваным чалавекам аж да канца.

У гаміліі, прамоўленай на заканчэнне свайго пантыфікату, Бэнэдыкт XVI казаў пра духоўную пілігрымку веры, якая выяўляецца, галоўным чынам, у малітве. Малітве, якая вырывае нас з фальшывага камфорту і хоча перадаць неўтаймаванасць у адносінах да Бога і неўтаймаванасць у адносінах да бліжняга. Да канца ён жыў гэтай неўтаймаванасцю ў малітве, адыходзячы ад спраў, але не становячыся ад гэтага менш моцным.

Гэты выраз пра стары і новы свет з кнігі “Апошнія прамовы” з’яўляецца прароцкім. Ён гучыць нявінным чынам, як многія іншыя рэчы, сказаныя Папам, асабліва ў яго духоўных тэкстах і гаміліях. Аднак гэты выраз мае тэалагічную і духоўную дынаміку. Часы змяняюцца, іх немагчыма спыніць: ні вынаходзячы па-новаму “старое” ў версіі “новага”, ні вынаходзячы нешта па-сапраўднаму “новае”, якое лічыцца з традыцыяй і эвалюцыяй.

Бэнэдыкт XVI бачыў сябе паміж дзвюма эпохамі, не прывязваючыся ні да адной з іх. Перамена – вось тое, чым ён жыў, і тое, у чым можна яго пазнаць.
 

31 снежня 2022, 11:41