У Ватыкане абмяркуюць разнастайнасць узораў святасці
Аляксандр Панчанка – Pope
Форум пад назвай Мадэлі святасці і кананізацыі ў 40-годдзе Апостальскай канстытуцыі Divinus Perfectionis Magister пройдзе 9-11 лістапада 2022 года ў Папскім латэранскім універсітэце. Яго прэзентацыя адбылася 8 лістапада ў анлайн-фармаце.
Старшыня Папскага камітэта гістарычных навук, айцец Бэрнар Ардура, нагадаў, што Ян Павел ІІ, у канстытуцыі Divinus Perfectionis Magister, выдадзенай 25 студзеня 1983 года, спасылаўся на досвед многіх сваіх папярэднікаў, якія адзначалі важнасць вывучэння гісторыі для лепшага і больш надзейнага спосабу пазнання праўды пра Слугаў Божых, прапанаваных у якасці кандыдатаў да беатыфікацыі і кананізацыі.
“Відавочна, што са спрашчэннем працэдур, выкліканым рэформамі Паўла VI і асабліва Яна Паўла ІІ, назіраецца значны рост колькасці беатыфікацый і кананізацый. Пік быў дасягнуты падчас пантыфікату Яна Паўла ІІ, які абвясціў больш за 450 святых і амаль 1300 благаслаўлёных – беспрэцэдэнтную колькасць у гісторыі хрысціянства, якая складае больш за палову ўсіх святых і благаслаўлёных, абвешчаных з канца XVI стагоддзя”, - заўважыў айцец Ардура.
“Такім чынам узнікае пытанне: якія постаці святасці Касцёл хоча прапанаваць народу Божаму ў якасці ўзору святога жыцця? І тут жа ўзнікае яшчэ адно пытанне, фактычна папярэдняе першаму: якія мадэлі святасці прадстаўляе Касцёлу хрысціянскі народ з нагоды іх кананізацыі? У якіх постацях святасці найлепш знаходзяць сябе пастыры і вернікі, у якіх бачаць прыклад для наследавання, заступнікаў, блізкіх да сваіх патрэб?”, - дадаў ён.
Святар заўважыў, што ўдзельнікі канферэнцыі маюць намер паразважаць над гэтымі пытаннямі з пункту гледжання агіяграфіі, тэалогіі і кананічнага права, а таксама праліць святло на існаванне “вялікай разнастайнасці святых”: мучанікаў, законнікаў, свецкіх вернікаў, мужчын і жанчын, пасвечаных служыцеляў, Папаў, лекараў, дзяцей і падлеткаў.
“Мы паспрабуем вызначыць асяроддзі святасці, якія адлюстроўваюць нашу эпоху: сямейныя і рэлігійныя рухі”, - сказаў ён, дадаючы, што будуць абмяркоўвацца таксама такія важныя тэмы як выклік інкультурацыі святасці, святасць і містыка, розныя вымярэнні і значэнні цудаў у кананізацыйных справах, уяўленні пра саму святасць.
Айцец Ардура звярнуў увагу на няспынную цікавасць вернікаў і народнай пабожнасці да святых. “Постаці самых любімых святых кажуць нам пра жывы Касцёл, пра веру вернікаў, пра іх памкненні, пра адносіны з Богам, са святымі, з Касцёлам, з асяроддзем іх жыцця”, таму канферэнцыя стане магчымасцю ўвайсці ў само жыццё Касцёла, - заключыў старшыня Папскага камітэта гістарычных навук.