ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Галахер: ствараць умовы для цэласнага развіцця дзяцей

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер скіраваў відэапасланне да ўдзельнікаў Сусветнай канферэнцыі па выхаванні і адукацыі дзяцей малодшага ўзросту, якая 14-16 лістапада 2022 года прайшла ў Ташкенце.

Аляксандр Панчанка - Pope

Не пакідаць ніводнае дзіця ззаду азначае клапаціцца пра найлепшыя інтарэсы кожнага з іх, дазваляючы ім “вучыцца, ствараць, думаць і ўзаемадзейнічаць з іншымі ў абстаноўцы адкрытасці і любові”, - зазначыў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Ватыканскі іерарх нагадаў, што ў гэтым сэнсе Святы Пасад падтрымлівае “цэласны падыход, накіраваны на інтэгральнае развіццё дзіцяці, у якім спалучаюцца клопат з адукацыяй, на якую кожныя хлопчык і дзяўчынка маюць права”. У выкананні гэтага задання вызначальную ролю маюць 9230 дзіцячых прытулкаў і 10441 дзіцячых садкоў, якія звязаны з Касцёлам і дзе тысячы педагогаў і сацыяльных работнікаў працуюць, часта ў складаных кантэкстах.

Іерарх адзначыў, што іх намаганні спрыяюць між іншым адукацыі дзяўчынак, дазваляюць дзецям, якія жывуць на вуліцы, дзецям з інваліднасцю і дзецям-бежанцам “нанова адшукаць сваю годнасць і садзейнічаюць развіццю культуры павагі да фізічнай і псіхалагічнай цэласнасці дзяцей, адначасова забяспечваючы іх харчовыя, гігіенічныя і медыцынскія базавыя патрэбы”.

Клопат пра дабрабыт дзіцяці павінен быць неаддзельны ад падтрымкі іх бацькоў, асабліва маці, дапамагаючы ім разумець сваю адказнасць за ахову недатыкальнасці і святасці жыцця іх дзяцей. У той жа час “абавязак дзяржаў” – у супрацоўніцтве з іншымі суб’ектамі, такімі як Святы Пасад – заключаецца ў “гарантаванні фізічных, эмацыйных, інтэлектуальных і духоўных умоў, якія спрыяюць цэласнаму развіццю дзіцяці”, - сказаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.
 

18 лістапада 2022, 08:55