ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: шкадаванне ў сувязі з уступленнем на пасаду біскупа ў Кітаі

Святы Пасад выказаў шкадаванне ў сувязі з цырымоніяй уступлення на пасаду главы непрызнанай дыяцэзіі ў Кітаі. Адзначаецца, што гэтай падзеі папярэднічаў ціск з боку мясцовых уладаў.

Аляксандр Панчанка – Pope

Святы Пасад са “здзіўленнем і шкадаваннем” прыняў навіну пра цырымонію ўступлення на пасаду “дапаможнага біскупа Цзянсі”, дыяцэзіі не прызнанай Святым Пасадам, мансеньёра Джона Пэнга Вэйчжао, біскупа Юйцзяна (правінцыя Цзянсі). Яна прайшла 24 лістапада ў Наньчане.

“Гэтая падзея, па сутнасці, адбылася не ў адпаведнасці з духам дыялогу, які існуе паміж ватыканскім і кітайскім бокам і тым, што было прадугледжана ў Часовым пагадненні аб прызначэнні біскупаў ад 22 верасня 2018 года”, - падкрэсліваецца ў паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы, якое было абнародавана 26 лістапада 2022 года ў Ватыкане.

Акрамя таго, адзначаецца, што “грамадзянскаму прызнанню Пэнга Вэйчжао папярэднічаў, паводле атрыманых паведамленняў, працяглы і моцны ціск з боку мясцовых уладаў”.

Апостальская Сталіца выказвае надзею, што падобныя эпізоды не будуць паўтарацца, чакае адпаведных паведамленняў па гэтым пытанні ад уладаў і пацвярджае поўную гатоўнасць працягваць паважлівы дыялог па ўсіх пытаннях, якія ўяўляюць агульны інтарэс.
 

26 лістапада 2022, 13:32