ҽ

Францішак з кардыналам Тагле. Ілюстрацыйнае фота Францішак з кардыналам Тагле. Ілюстрацыйнае фота 

Абвешчаны першыя крокі ў рэформе Caritas Internationalis

Неўзабаве пасля рашэння Папы адправіць у адстаўку кіраўніцтва Caritas Internationalis і аддаць фонд у камісарскае ўпраўленне, былі абвешчаны першыя крокі па рэформе.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Італьянец П'ер Франчэска Пінэлі, які з 22 лістапада 2022 года часова кіруе працай Фонду, прадставіў свае планы на бліжэйшыя шэсць месяцаў. Ён будзе намагацца “прапанаваць і ўкараніць новыя інструменты гаспадарання і кіравання”, якія дазволяць генеральнаму сакратарыяту арганізацыі “больш эфектыўна каардынаваць дзейнасць асацыяцыі і падтрымліваць арганізацыі-члены ў доўгатэрміновай перспектыве”.

Пінэлі дапамагаюць іспанка Марыя Ампара Алонса Эскабар – шматгадовая супрацоўніца Caritas Internationalis, кіраўнік Дэпартамента надзвычайных спраў і кампаній гэтай арганізацыі, і партугальскі езуіт Мануэль Маружао. Яны павінны абнавіць статут і рэгламент арганізацыі і дапамагчы ў падрыхтоўцы яе наступнага агульнага сходу ў маі 2023 года. На ім адбудзецца абранне новага кіраўніцтва.

На прэс-канферэнцыі ў сталіцы Італіі Пінэлі ўпершыню распавёў пра новую ролю цяперашняга старшыні, 65-гадовага кардынала Луіса Тагле, які – згодна з папскім дэкрэтам – павінен падтрымліваць працу кіруючай тройкі. Ён падкрэсліў, што іерарх будзе адказваць, у прыватнасці, за адносіны з мясцовымі Касцёламі і нацыянальнымі Caritas. “Кардынал з’яўляецца зыходным пунктам у маёй працы, і яго падтрымка важная для ўдзелу ўсіх чальцоў Caritas у гэтым падарожжы”, - заявіў Надзвычайны камісар.

Caritas Internationalis – гэта канфедэрацыя 162 нацыянальных каталіцкіх дабрачынных арганізацый, якія дзейнічаюць у больш чым 200 краінах і рэгіёнах свету. Яе галоўная задача – каардынацыя гуманітарнай дзейнасці, доўгатэрміновых праектаў развіцця і праграм урэгулявання канфліктаў. Штаб-кватэра знаходзіцца ў Ватыкане.

Апошняя на сённяшні дзень Генеральная асамблея Caritas Internationalis адбылася ў 2019 годзе. З таго часу міжнародная арганізацыя падпарадкоўваецца Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
 

29 лістапада 2022, 11:18