ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН пра тэрытарыяльную цэласнасць Украіны

Вырашэнне сітуацыі ва Украіне павінна грунтавацца на пашане да чалавечага жыцця і тэрарыяльнай цэласнасці кожнай краіны, - нагадаў пазіцыю Папы пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.

Ян Глінскі - Pope

12 кастрычніка 2022 года Генеральная Асамблея ААН 143-ма галасамі “за” прыняла рэзалюцыю з асуджэннем анексіі тэрыторый Украіны Расійскай Федэрацыяй. Падчас дэбатаў на гэту тэму, якія прайшлі ў рамках 11-й спецыяльнай сесіі Генеральнай Асамблеі, слова ўзяў арцыбіскуп Габрыэле Джардана Кача, які ад імя Святога Пасаду скіраваў “лаканічны і гарачы заклік” да спынення канфлікту, які “з кожнай гадзінай забірае жыцці нявінных і паглыбляе раны паміж народамі, знішчаючы ўзаемны давер, ад якога залежыць міжнародны парадак”.

Папскі дыпламат нагадаў словы Святога Айца, які падчас малітвы Анёл Панскі 2 кастрычніка 2022 года заклікаў да неадкладнага спынення агню і пошуку ўмоў для распачацця перамоваў, “якія маглі б прывесці да рашэнняў, не навязаных сілай, але ўзгодненых, справядлівых і стабільных”. Тады Пантыфік “ясна адзначыў”, што рашэнні павінны базавацца на “шанаванні святой каштоўнасці чалавечага жыцця, а таксама суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці кожнай краіны”, - дадаў ён.

“Звярнуўшыся з непасрэдным заклікам да прэзідэнтаў Расійскай Федэрацыі і Украіны, а таксама да ўсіх актораў міжнароднага жыцця і палітычных кіраўнікоў народаў, папа Францішак падкрэсліў, што мы, сабраныя ў гэтай зале, павінны адыграць сваю ролю і мусім “зрабіць усё, што магчыма, каб давесці да заканчэння вайны, не дазваляючы (…) быць уцягнутымі ў небяспечнае насілле, а таксама спрыяць і падтрымліваць ініцыятывы на карысць дыялогу”, - працягваў арцыбіскуп Кача, цытуючы прамову Пантыфіка.

Ватыканскі дыпламат нагадаў таксама заўвагу, скіраваную Папам да ўдзельнікаў Агульнай аўдыенцыі 12 кастрычніка 2022 г. Тады Пантыфік указаў на пагрозу ядзернай эскалацыі і ў сувязі з гэтым на яшчэ больш тэрміновую неабходнасць перамены “сэрцаў тых, у чыіх руках знаходзіцца лёс вайны, каб ураган насілля спыніўся і было магчыма аднавіць мірнае суіснаванне ў справядлівасці”.

“Пацвярджэнне ясных прынцыпаў міжнароднага права, што падкрэсліваюцца ў рэзалюцыі, якую мы маем перад сабой, і выразна замацаваныя ў Статуце Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, варта разумець як адкрыццё шляху да справядлівага і мірнага вырашэння, а не як спосаб абвастрэння канфлікту, які ўжо прынёс занадта шмат ахвяр. Няхай у гэтай зале ізноў прагучыць заклік Папы Паўла VI: “Ніколі больш вайны!”, - заключыў пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН.
 

14 кастрычніка 2022, 09:06