ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад пра барацьбу з гандлем людзьмі ў Міжземнамор'і

Гандаль людзьмі і іншыя сучасныя формы прыгнёту з'яўляюцца сусветнай праблемай, да якой чалавецтва ў цэлым павінна ставіцца сур'ёзна, – нагадаў прадстаўнік Святога Пасада ў АБСЕ.

Марыя Валодзіна – Pope

Паводле ацэнак, у свеце налічваецца 25 мільёнаў ахвяр гандлю людзьмі. Гэта жахлівая лічба. Яшчэ большую трывогу выклікае тое, што за апошнія 15 гадоў патроілася колькасць дзяцей-ахвяр. Гэта злачынства распаўсюдзілася на ўсе куткі зямнога шара, сітуацыя пагоршылася пандэміяй і вайной ва Украіне, – адзначыў павераны ў справах Апостальскай нунцыятуры ў Іарданіі Маўра Лалі, звяртаючыся да ўдзельнікаў Міжземнаморскай канферэнцыі, якая праходзіць 24-25 кастрычніка 2022 года.

На жаль, гандаль людзьмі закранае і краіны Міжземнамор'я. Міграцыйныя маршруты праз гэты рэгіён часта выкарыстоўваюцца гандлярамі людзьмі для заваблівання ахвяр. Мігранты знаходзяцца ў сітуацыі сацыяльнай і эканамічнай уразлівасці, што можа лёгка падвергнуць іх эксплуатацыі. Таму неабходна ўзмацніць усе меры, накіраваныя на прадухіленне эксплуатацыі людзей, а таксама на прававую абарону ахвяр, – заклікаў ватыканскі дыпламат.

Святы Пасад лічыць надзвычай важным больш цеснае супрацоўніцтва, абмен адпаведнай інфармацыяй паміж краінамі Міжземнамор'я, а таксама распрацоўку сумесных мер рэагавання для эфектыўнай барацьбы з гандлем людзьмі. Для таго каб супрацоўніцтва было эфектыўным, неабходна прыцягваць грамадзянскую супольнасць, рэлігійныя арганізацыі і іх лідараў, а таксама дзелавы сектар і сродкі масавай інфармацыі, - зазначыў прадстаўнік Святога Пасада.

Ён нагадаў словы Францішка пра тое, што абыякавасць да гандлю людзьмі і сучаснага рабства або іх ігнараванне раўназначныя саўдзельніцтву ў гэтых злачынствах.
 

25 кастрычніка 2022, 12:05