ҽ

Кардынал П'етра Паралін на канферэнцыі ў Парыжы Кардынал П'етра Паралін на канферэнцыі ў Парыжы 

Дзяржсакратар: адукацыя – найлепшы шлях барацьбы з няроўнасцю

Кардынал Паралін выступіў падчас канферэнцыі на тэму жаночага лідарства, арганізаванай Caritas Internationalis. Форум праходзіць у штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы.

Аляксандр Панчанка – Pope

Спасылаючыся на апошнюю справаздачу Арганізацыі ААН па адукацыі, навуцы і культуры, прысвечанай гендарнай роўнасці, кардынал Паралін заўважыў, што ў ёй бачны намер “гвалтоўна навязаць адзіную і цвёрдую пазіцыю, у канчатковым выніку нецярпімую да любой іншай антрапалагічнай парадыгмы, у тым ліку той, якая прапануецца ў каталіцкіх школах”.

Па гэтай прычыне, паводле іерарха, Святы Пасад з трывогай канстатуе, што некаторыя “ідэалагічныя плыні пад выглядам адказу на пэўныя памкненні, якія часам зразумелыя, насамрэч прыводзяць да зніжэння разумення жанчыны і яе правоў”.

Дзяржсакратар заклікаў урады мець адвагу для таго, каб інвеставаць у адукацыю, такім чынам пераадольваючы дысбаланс паміж аб’ёмам сродкаў, якія накіроўваюцца на развіццё гэтай сферы, і тымі, якія вылучаюцца на вытворчасць зброі. Ён падкрэсліў, што адукацыя – гэта прывілеяваны шлях для пераадолення няроўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі, а таксама структурных няроўнасцей, якія пагражаюць мірнаму суіснаванню.

Кардынал Паралін заўважыў, што якасная адукацыя, павінна быць звязана не з прэстыжам, але з магчымасцю фармаваць крытычнае мысленне, здольнае ацэньваць мадэлі развіцця, вытворчасці і спажывальніцтва, даючы крытэрыі сацыяльнай справядлівасці, скіраваныя на дапамогу найбольш слабым і беззабаронным.

Іерарх падкрэсліў, што каштоўнасці жаноцкасці з’яўляюцца дарам для чалавецтва, бо арыентаваны на дапамогу, падтрымку ў развіцці і абарону іншых. “Жанчыны здольныя разумець рэчаіснасць выключным чынам: яны ведаюць, як супрацьстаяць нягодам, робячы жыццё магчымым нават у крайніх сітуацыях і цвёрда трымаючыся за будучыню”, - сцвердзіў ён.

Кардынал адзначыў, што грамадства знаходзіцца ў даўгу перад жанчынамі, улічваючы які вялікі ўклад яны робяць у адукацыйную і выхаваўчую сферы. Ён таксама нагадаў, што і ў Касцёле ўсё больш і больш жанчын займаюць адказныя пасады, якія раней маглі займаць выключна святары. Дзяржсакратар зазначыў, што такое прасоўванне не можа быць зведзена да “пераразмеркавання роляў”, але павінна прадугледжваць “належнае разуменне таго, як даць прастору жаночай непаўторнасці дзеля ўзбагачэння Касцёла значным і рашучым чынам”.
 

28 кастрычніка 2022, 11:55