Святы Пасад: ідзе праца над сінтэзам першай сінадальнай фазы
Рабочая група з 35 чалавек, у тым ліку двух біскупаў, зараз працуе ў Фраскаці каля Рыма над сінтэзам першай фазы сінадальнага працэсу. Аб гэтым заявіў кардынал Марыё Грэк у інтэрв'ю часопісу America.
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Генеральны сакратар Сінода Біскупаў патлумачыў, што ў дакумент увойдуць нацыянальныя сінтэзы, дасланыя ў Ватыкан з усяго свету. Ён будзе гатовы ў канцы кастрычніка і стане асновай для абмеркавання на кантынентальных сінадальных асамблеях, якія пройдуць са студзеня па сакавік 2023 года.
Мальтыйскі іерарх нагадаў, што кантынентальная фаза павінна ўключыць не толькі асамблею біскупаў але і асобную асамблею з удзелам духавенства, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў. Епіскапы павінны пачуць голас касцёльнага сходу і толькі тады рабіць высновы. Па выніках узнікне яшчэ адзін сінтэз, які і стане прадметам абмеркавання на Генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў у кастрычніку 2023 года.
26 верасня 2022, 11:49