Папа паедзе на сустрэчу маладых эканамістаў і падпіша пагадненне
Аляксандр Амяльчэня – Pope
6 верасня 2022 года, падчас ватыканскай прэс-канферэнцыі, напярэдадні першай міжнароднай сустрэчы Эканоміка Францішка (EoF), якая пройдзе ў Асізі ў прысутнасці і па ініцыятыве цяперашняга Пантыфіка, сястра Алесандра Смерылі адзначыла, што мэтай форума з’яўляецца пошук рашэнняў для абнаўлення эканомікі і яе пераарыентавання на бедных, агульнае дабро і клопат аб стварэнні.
Яна адзначыла, што сёння ніхто не сумняваецца ў неабходнасці абнаўлення правілаў, якія кіруюць сусветнай эканомікай. Пра гэта сведчаць пандэміі, вайна ва Украіне, энергетычны і харчовы крызісы, якія закранулі ўвесь свет.
Ідэя, якой кіраваўся Францішак, склікаючы сустрэчу, заключалася ў тым, каб засяродзіць увагу на таленце, энтузіязме і крэатыўнасці маладых людзей, пачаць працэс, які можа прывесці самых перспектыўных спецыялістаў у свеце бізнесу і эканамічных даследаванняў да выпрацоўкі новых правілаў для свету.
У сустрэчы прымуць удзел каля тысячы маладых людзей, якія будуць весці дыскусіі ў 12 тэматычных “вёсках”, натхнёныя пытаннямі, пастаўленымі ў энцыкліках Laudato si' і Fratelli tutti. Тэмы былі выбраны шляхам аб'яднання паняццяў з эканамічнага свету і грамадскай сферы: Энергія і беднасць, Фінансы і чалавецтва, Сельская гаспадарка і справядлівасць, Кіраванне і ахвярнасць.
Удзельнікі Эканомікі Францішка прыедуць з усяго свету – амаль палова з Еўропы, 31% – з Паўднёвай Амерыкі, каля 10% – з Афрыкі. Гэта прадстаўнікі трох сфер: бізнес (маладыя менеджары, прадпрымальнікі, стартаперы), даследаванні (аспіранты і дактаранты ў галіне эканомікі або звязаных з ёй навук) і тыя, каго называюць changemakers, якія спрабуюць змяніць свае суполкі праз інавацыйныя праекты.
“Эканоміка Францішка – гэта працэс, які ўжо ідзе. Гэта серыя ініцыятыў, сусветная сетка моладзі, якая правядзе сваю публічную маніфестацыю ў Асізі, а затым працягне дзейнічаць у паўсядзённым жыцці”, - заўважыла сястра Смерылі.
Кульмінацыяй трохдзёнага форуму стане прысутнасць 24 верасня 2022 года ў Асізі папы Францішка. Яму будзе прадстаўлена пагадненне, якое ён і моладзь падпішуць разам, “асабіста і калектыўна”.