ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у АБСЕ: дзеля бяспекі дзяцей трэба ўмацоўваць сям’ю

Пастаянная місія Святога Пасаду пры АБСЕ прыняла ўдзел у Трэцяй дадатковай сустрэчы на тэму абароны ахвяр гандлю людзьмі, якая прайшла 18 ліпеня 2022 года ў Вене.

Аляксандр Панчанка - Pope

“Міжнародныя канвенцыі, рэгіянальныя дырэктывы, рэгламенты і шматлікія нацыянальныя законы падкрэсліваюць патрэбу абараняць непаўналетніх і найвышэйшыя інтарэсы дзіцяці”, але, на жаль, “усяго гэтага недастаткова, каб захаваць дзяцей ад ператварэння ў ахвяр гандлю людзьмі”, - зазначыла дэлегацыя Святога Пасаду.

Ватыканская дыпламатычная місія прыгадала словы Папы, які казаў пра неабходнасць гарантавання бяспечнага дзяцінства, што дазволіць непаўналетнім з даверам глядзець на жыццё і будучыню, а таксама працытавала папярэджанне Святога Айца: “Гора тым, хто гасіць іх радасны імпульс надзеі!”.

Дэлегацыя Апостальскай Сталіцы зазначыла, што абарона дзяцей патрабуе ў першую чаргу ўмацавання сям’і. Для гэтага павінна рэалізоўвацца палітыка і праграмы, якія змогуць забяспечыць сем’і фундаментальнымі інструментамі, якіх яны патрабуюць, каб расціць дзяцей у бяспецы: медыцынскім даглядам, годным жыллём і адукацыяй.

Святы Пасад лічыць важным, каб пастаянна абнаўляліся і дапаўняліся міжнародныя і нацыянальныя нормы, у тым ліку заканадаўства ў сферы барацьбы з гандлем людзьмі. Гэта неабходна, каб абарона дзяцей ад сексуальных злоўжыванняў і працоўнай эксплуатацыі была “няспыннай, поўнай і эфектыўнай”. Пры гэтым, механізмы абароны павінны ўлічваць разнастайныя кантэксты, у якіх пашыраецца гандль людзьмі: ад аховы дзяцей у лічбавым свеце да іх абароны ад наступстваў вайны ці на міграцыйных шляхах.

Неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб забяспечыць непаўналетнім ахвярам гандлю людзьмі магчымасць жыць і спакойна набірацца сіл у іх сямейным асяроддзі. Павінны быць прыняты адпаведныя меры для таго, каб прынцыпы найвышэйшых інтарэсаў дзіцяці і незаменнай ролі сям’і былі галоўнымі фактарамі пры прыняцці ўсіх рашэнняў, якія маюць фундаментальны ўплыў на жыццё непаўналетніх, - падкрэсліла Пастаянная місія Святога Пасаду пры АБСЕ.
 

19 ліпеня 2022, 09:13