Івон Рэнгот: біскуп павінен умець слухаць людзей
Аляксандр Панчанка - Pope
Намінацыю салезіянка назвала “абсалютнай нечаканасцю”, улічваючы, што раней у склад гэтай ватыканскай структуры ўваходзілі выключна мужчыны. У каментары для Pope сястра Івон падкрэсліла, што Касцёл сёння патрабуе біскупаў з шырокім місійным кругаглядам. “Біскуп без здольнасці ўстанаўліваць адносіны з людзьмі, адасоблены ад вернікаў, не дасягне людскіх сэрцаў і ў сучасным свеце асуджаны на няўдачу”, - лічыць законніца.
“Я не магу сказаць наколькі мы будзем уплываць на прызначэнне біскупаў, бо ніякіх канкрэтных даручэнняў мы пакуль не атрымалі”, - прызналася сястра Рэнгот, дадаючы, што верагодна, у іх кампетэнцыю будзе ўваходзіць вывучэнне дасье кандыдатаў на прызначэнне біскупамі, якія Апостальскія нунцыі дасылаюць у Дзяржсакратарыят, пасля чаго трэба будзе выказаць сваё меркаванне і такім чынам аблегчыць выбар будучых пастыраў дыяцэзій.
На думку манахіні, “біскуп павінен быць у першую чаргу душпастырам, быць побач з людзьмі, умець слухаць і суправаджаць іх”, ён “павінен быць чалавекам, які ўмее ўключаць у жыццё Касцёла людзей розных пакліканняў”, мець “пачуццё прыналежнасці да супольнасці, а таксама слухаць свет, які знаходзіцца па-за Касцёлам, бо Касцёл існуе не для сябе, а для свету, для ўсіх людзей добрай волі”. “Біскуп павінен мець місійны дух, быць вельмі адкрытым”, - дадала сястра Івон Рэнгот.