ҽ

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер. Ілюстрацыйнае фота 

Арцыбіскуп Галахер: не забываць пра вайну і падтрымліваць Украіну

Дыпламатыя павінна прадухіляць канфлікты, а не толькі рэагаваць на іх, - падкрэсліў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Аляксандр Панчанка - Pope

12 ліпеня 2022 года арцыбіскуп Пол Рычард Галахер прыняў удзел у прэзентацыі 43-й Сустрэчы дзеля міру паміж народамі. Прэс-канферэнцыя адбылася ў пасольстве Італіі пры Святым Пасадзе ў Рыме. Падчас яе былі прадстаўлены галоўныя падзеі буйнога штогадовага форума, які пройдзе 20-25 жніўня 2022 года ў італьянскім горадзе Рыміні. 

У размове з журналістамі высокі ватыканскі дыпламат закрануў тэму вайны ва Украіне, заўважыўшы, што падчас свайго нядаўняга візіту ў Кіеў убачыў вялікія разбурэнні, пакуты людзей і не мог паверыць у тое, што на тэрыторыі Еўропы зноў ідзе вайна. У той жа час ён сказаў, што “сустрэў народ, які вельмі адважны і стойкі, поўны рашучасці супраціўляцца, змагацца і перамагаць”.

Арцыбіскуп лічыць важным не забываць пра канфлікт, увага да якога паступова слабее ў СМІ. “Давайце паглядзім, на якіх месцах у выпусках навін з’яўляюцца паведамленні пра вайну. На жаль, яны не на першым месцы”, - зазначыў ён.

Сакратар па адносінах з дзяржавамі прызнаў, што “дыпламатыя, якая праводзілася ў апошні час, структуры, на якіх грунтаваўся мір і бяспека на нашым кантыненце, не спрацавалі так, каб абараніць нас ад гэтага страшнага канфлікту і агрэсіі”. “Калі я прыехаў з Аўстраліі ў Рым, каб заняць гэту пасаду ў студзені 2015 года, Папа сказаў мне: я не хачу дыпламатыі, якая рэагуе, але дыпламатыі, якая прадбачвае, прадухіляе, прэвентыўнай дыпламатыі... Падзеі ва Украіне паказваюць, што мы павінны быць яшчэ больш пільнымі, павінны прадбачваць канфлікты, заўважаць сур’ёзнасць таго, што адбываецца вакол нас, таксама ў Еўропе”, - сказаў ён.

На думку іерарха, міжнародныя структуры, адказныя за бяспеку і мір, патрабуюць абнаўлення, каб лепш адпавядаць рэальнай сітуацыі. У прыватнасці ён узгадаў пра АБСЕ, ЕС і ААН. “Хто б мог падумаць, што падчас візіту Генеральнага сакратара ААН у Кіеў, краіна-член Рады Бяспекі можа запусціць ракеты на горад. Гэта нешта няўяўнае”, - дадаў высокі ватыканскі іерарх.

Арцыбіскуп заўважыў, што свет неабыякавы да пакут украінцаў: некаторыя краіны праявілі да іх вялікую шчодрасць і гасціннасць, сапраўдную любоў. “Аднак заўсёды існуе небяспека стаміцца ад гэтага канфлікту”, - папярэдзіў ён. Сакратар па адносінах з дзяржавамі выказаў задавальненне нядаўняй канферэнцыяй па пасляваенных аднаўленні Украіны, якая прайшла ў Швейцарыі, заўважаючы, што нават калі гэты форум некаторым здаецца заўчасным, але “добра, што ёсць пазітыўны падыход”.

Арцыбіскуп Галахер дадаў, што як хрысціянін і святар не можа забываць таксама пра пасланне прымірэння і прабачэння. “Магчыма менавіта мы павінны мець адвагу, каб казаць пра гэта, нягледзячы на велізарныя пакуты гэтага народу”, - сказаў ён, нагадваючы пра “цуд міру і згоды” паміж Францыяй і Германіяй, які здарыўся пасля Другой сусветнай вайны.
 

13 ліпеня 2022, 11:04