Арцыбіскуп Галахер: не выключаны візіт Папы ў Кіеў у жніўні
Аляксандр Панчанка - Pope
“Папа глыбока перакананы, што калі б ён здзейсніў гэты візіт, ён меў бы станоўчыя вынікі. Ён сказаў, што паедзе ва Украіну, і заўсёды выказваў гатоўнасць наведаць Маскву, сустрэцца з расійскімі ўладамі”, - адзначыў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі.
На пытанне пра тое, ці можа паездка ў Кіеў адбыцца па вяртанні з Канады, дзе Папа будзе знаходзіцца ў апошні тыдзень ліпеня, арцыбіскуп адказаў: “Так, я лічу, што па вяртанні з Канады мы пачнем прадметна вывучаць гэту магчымасць”. Пра верагоднасць таго, што гэта адбудзецца ўжо ў жніўні, іерарх сказаў: “Можа быць. Я б не выключаў гэтага, але шмат залежыць ад вынікаў паездкі ў Канаду. Паглядзім, як Папа перанясе гэту паездку, якая вельмі цяжкая, і тады ўжо будзем ведаць”.
Каментуючы кантакты з Масквой адносна папскага візіту ў Расію, арцыбіскуп Галахер сказаў: “На дадзены момант нашы кантакты з Расійскай Федэрацыяй носяць, хутчэй, інстытуцыйны характар, ажыццяўляючыся праз Апостальскага нунцыя ў Маскве і праз расійскага пасла тут, пры Святым Пасадзе. Акрамя гэтага, прамых і асабістых кантактаў не шмат”. Ватыканскі дыпламат дадаў: “Нас вельмі турбуюць украінскія праблемы і вырашэнне пытання вайны, але ў той жа час мы ўсхваляваныя за будучыню Заходніх Балкан”.
Арцыбіскуп Галахер адказаў таксама на пытанне пра экуменічныя выклікі і пра сустрэчу Папы Францішка з Патрыярхам Кірылам. “Я лічу, што калі Патрыярх і Святы Айцец паедуць у Казахстан на гэту важную канферэнцыю сусветных рэлігій, тады так, сустрэча адбудзецца. Трэба намагацца пераадольваць цяжкасці і непаразуменні дзеля адзінства Царквы”.
Напрыканцы інтэрв’ю Сакратар па адносінах з дзяржавамі пракаментаваў забойства былога Прэм’ер-міністра Японіі Сіндза Абэ: “Замах на яго і яго смерць напаўняюць мяне глыбокім смуткам; я меў гонар сустрэцца з Прэм’ер-міністрам падчас візіту ў Японію. Гэта быў чалавек, які меў вялікі ўплыў за межамі сваёй краіны. Ён таксама быў даволі супярэчлівай асобай, але чалавекам прынцыпаў, з высокім пачуццём агульнага дабра свайго народа”.