ҽ

Кардынал Курт Кох з праваслаўным і англіканскім іерархамі падчас экуменічнай малітвы. Ілюстрацыйнае фота Кардынал Курт Кох з праваслаўным і англіканскім іерархамі падчас экуменічнай малітвы. Ілюстрацыйнае фота 

Кардынал Кох: нельга казаць пра адзінства без пасады Пантыфіка

Кожны Касцёл мае ўласнае бачанне адзінства, таму дагэтуль не сфарміравалася супольная візія мэты экуменічнага дыялогу, - перакананы кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.

Ян Глінскі - Pope

Для Каталіцкага Касцёла так званае “адзінства ў разнастайнасці” паміж веравызнаннямі з’яўляецца “мэтай экуменічнага шляху ў тым сэнсе, што мы накіроўваемся да адзінства, у якім адрозненні будуць існаваць у згодзе”.

Як адзначыў ватыканскі іерарх у інтэрв’ю аўстрыйскаму каталіцкаму выданню Sonntagsblatt, яшчэ не настаў час на ўзаемнае запрашэнне да інтэркамуніі, як гэта было ў 2021 годзе на ІІІ Экуменічным кангрэсе Касцёлаў у Германіі. “Галасаванне, якое правялі адносна гэтай справы, абмінае занадта шмат вымярэнняў, якія фарміруюць каталіцкую свядомасць веры”, - сцвердзіў іерарх.

На думку кардынала Коха, “неадпаведным”, з экуменічнага пункту гледжання, з’яўляецца абмеркаванне гэтага пытання толькі паміж католікамі і пратэстантамі. Нельга абмінаць Усходнія Цэрквы, асабліва ў такім важным для веры пытанні як эўхарыстычная Камунія. Іерарх нагадаў, што “для Каталіцкага Касцёла, а тым больш для Праваслаўнай Царквы не можа існаваць Камуніі эўхарыстычнай без касцёльнага адзінства”.

Іерарх лічыць, што супольная дэкларацыя аб дактрыне апраўдання, падпісаная ў 1999 годзе ў Агсбургу прадстаўнікамі каталіцызму і лютэранства, была важным, але недастатковым крокам. Ён прапануе “распачаць шлях да новай супольнай дэкларацыі на тэму разумення Касцёла, Эўхарыстыі і служэння ў іх непарыўным адзінстве”.

“Для Каталіцкага Касцёла экуменічная мэта заключаецца ў адзінстве ў веры, у сакрамэнтах і ў служэнні. Гэта азначае, што эўхарыстычная Камунія дае пачатак канфесійнаму адзінству. Толькі тады, калі мы падзяляем супольную веру, мы можам таксама верагодна цэлебраваць інтэнсіўную форму веры, якой з’яўляецца Эўхарыстыя”, - звярнуў увагу прэфект дыкастэрыі.

Адзінства ў сакрамэнтах дае пачатак адзінству ў веры і прызнанню служэння, звязанага з сакрамэнтам пасвячэння. Але, як дадаў іерарх, з каталіцкага пункту гледжання, “нельга быць у адзінстве без пасады Пантыфіка”. У сувязі з гэтым патрэбна дыскусія на тэму ролі Папы ва ўмовах адшуканага адзінства.

Кардынал Кох звярнуў увагу на тое, што ў першыя вякі хрысціянства важную ролю адыгрываў цэзар. “Сёння мы не маем ужо цэзара, а таму ўзнікае пытанне: хто павінен узяць на сябе ролю, неабходную для адшукання адзінства хрысціян. Згодна з каталіцкім перакананнем, яе можа адыгрываць толькі Наступнік святога Пятра – Біскуп Рыма”, - сцвердзіў прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству.
 

25 чэрвеня 2022, 11:16