Святы Пасад: Рада Бяспекі ААН патрабуе пільнай рэформы
Ян Глінскі – Pope
Акрамя болю і пакутаў вайна Расіі з Украінай выклікала разгубленасць у міжнароднай супольнасці, найперш, праз бяссільнасць ААН і іншых арганізацый вывесці канфлікт на шлях перамоваў. Вайна нясе смерць і разбурэнні, а таксама палітычную і эканамічную нестабільнасць. Гэтыя тэмы сталі ключавымі ў размове Pope з Франчэскай Дзі Джавані.
Як сцвердзіла прадстаўніца Святога Пасаду, міжнародныя арганізацыі могуць і павінны адыгрываць ролю ў міжнародных адносінах, але і дзяржавы таксама нясуць адказнасць: “Дзяржавы страцілі здольнасць слухаць адна адну, аддаючы перавагу навязванню ўласных ідэй і інтарэсаў”.
Франчэска Дзі Джавані звярнула ўвагу на пільную неабходнасць рэформы Рады Бяспекі ААН, каб тая была здольная прымаць эфектыўныя рашэнні ў перспектыве глабальнага міру. “Дзяржавы-ўдзельніцы ААН павінны прытрымлівацца літары і духу Статута Аб’яднаных Нацый, што азначае прынамсі не паўтараць памылак, дапушчаных падчас сусветных канфліктаў дваццатага стагоддзя”, - адзначыла дыпламат.
Разважаючы пра свет без зброі, намесніца сакратара Аддзела па сувязях з дзяржавамі Дзяржаўнага сакратарыята адзначыла, што коранем міжнародных спрэчак з’яўляецца заняпад фундаментальнага элемента – даверу, які трэба “цярпліва будаваць канкрэтнымі ўчынкамі”. Выкарыстанне зброі, на думку Дзі Джавані, можа ўспрымацца як неабходны крок для запаўнення пустаты, народжанай з прычыны адсутнасці даверу, але гэта толькі пашырае згаданую пустату і аддаляе ад будавання даверу і міжнароднай бяспекі.
Гарантам непарушнасці даверу, на яе думку, можа выступаць усведамленне ўзаемазалежнасці ўнутры міжнароднай супольнасці – не толькі эканамічнай, але і сацыяльнай, экалагічнай, санітарнай. “На гэтым шляху трэба будаваць і ўмацоўваць давер праз дыялог, які будзе шматбаковым, але і міжкультурным, заснаваны на павазе паміж рознымі культурамі і здольны спрыяць узаемнаму ўзбагачэнню”, - заўважыла Франчэска Дзі Джавані.
Адказваючы на пытанне пра тое, як вайна ва Украіне можа змяніць свет, дыпламат сказала, што “ніводны канфлікт не бярэцца з ніадкуль”, а актуальны канфлікт з’яўляецца вынікам міжнародных адносін, якія ўжо даўно далі расколіну. Франчэска Дзі Джавані заўважыла, што пасля завяршэння канфлікту трэба будзе адбудоўваць не толькі тое, што было матэрыяльна зруйнавана, але таксама ліквідоўваць спусташэнне, якое вайна выклікае ў душах людзей і адносінах паміж сацыяльнымі групамі і народамі. “Гэта датычыць вайны ва Украіне, а таксама ўсіх іншых войнаў, якія трываюць у гэты час і здаюцца забытымі, і так званых тлеючых канфліктаў”, - дадала Дзі Джавані.
Як сцвердзіла супрацоўніца Дзяржсакратарыяту, для дасягнення сапраўднай гармоніі ў штодзённым жыцці патрэбен падыход, які адстаўляе ў бок логіку дамінавання, рэалізуючы палітыку, якая ставіць годнасць чалавека ў аснову кожнага дзеяння.