ҽ

Кардынал П’етра Паралін Кардынал П’етра Паралін 

Дзяржсакратар пра арышт кардынала, Украіну і адносіны з Масквой

Сітуацыя вакол арышту ганконгскага кардынала, вайна ва Украіне і хуткая ватыканская дыпламатычная місія ў Кіеве, – гэта тэмы якія пракаментаваў 12 мая 2022 года кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

У кулуарах мерапрыемства, прысвечанага Яну Паўлу І у Грыгарыянскім універсітэце, Дзяржсакратар Яго Святасці прызнаўся, што “вельмі шкадуе” з прычыны сітуацыі з арыштам у Ганконгу кардынала Джозэфа Дзэна. “Я хацеў бы выказаць сваю блізкасць да кардынала, які быў вызвалены і да якога добра ставіліся”, - сказаў ён.

Паводле кіраўніка ватыканскай дыпламатыі, гэтую справу не варта разглядаць як “адмову” ад пагаднення паміж Святым Пасадам і Кітайскай Народнай Рэспублікай, што дзейнічае з 2018 года. Ён спадзяецца, што “такога роду ініцыятывы не ўскладняць і без таго складаны і няпросты шлях дыялогу паміж Святым Пасадам і Касцёлам у Кітаі”.

За некалькі дзён да візіту арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера ў Кіеў Дзяржсакратар вярнуўся да тэмы вайны ва Украіне. Місія прэлата, як ён патлумачыў, паслужыць пацвярджэнню мэт, над якімі “працаваў і працуе, наколькі гэта магчыма, Дзяржсакратарыят”. Гаворка ідзе пра “спыненне агню", як "фундаментальны зыходны пункт", і завяршэнне "ваеннай аперацыі”. Кардынал спадзяецца, што “пачнецца сур’ёзны дыялог без папярэдніх умоў”, падчас якога будзе знойдзена вырашэнне праблемы.

Паралін закрануў далікатнае пытанне адпраўкі зброі ва Украіну. Ён пацвердзіў ранейшую пазіцыю, што “існуе права на ўзброеную абарону ў выпадку агрэсіі”, як сцвярджае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, але “пры пэўных умовах”. Па-першае, падкрэсліў кардынал, гэта “прапарцыянальнасць, а затым упэўненасць у тым, што рэакцыя не нанясе большай шкоды, чым агрэсія”.

“У рэшце рэшт яны павінны будуць знайсці рашэнне, таму што геаграфія прымушае іх жыць хоць не разам, але блізка адно да аднаго, іх аб’ядноўваюць многія тысячы кіламетраў мяжы”, - адзначыў іерарх, гаворачы пра Украіну і Расію.

На пытанне журналістаў пра нядаўнюю сустрэчу Папы з жонкамі двух байцоў батальёна Азоў, кардынал Паралін патлумачыў, што Святы Пасад “выказаў гатоўнасць быць гарантам эвакуацыі астатніх мірных жыхароў, але на гэтым скончылася”.

Іерарх закрануў і праблему стасункаў з Маскоўскім Патрыярхатам, пра якую ўжо казаў сам Францішак у інтэрв’ю Corriere della Sera. “Вы ведаеце падзеі, пазіцыю Папы, рашэнне не сустракацца з Кірылам. Мы знаходзімся на цяжкім этапе, трэба гэта прызнаць”, - адзначыў Дзяржсакратар. Гэта “не азначае, што мы знаходзімся на нулявой кропцы або што сувязі паміж Рускай Праваслаўнай Царквой і Каталіцкім Касцёлам замарожаны. Існуюць каналы, ёсць спробы дыялогу. Вядома, усё стала складаней”, менавіта з прычыны апошніх падзей, - дадаў кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду.
 

13 мая 2022, 12:29