Арцыбіскуп Галахер: ва Украіне я сустрэў паранены, але мужны народ
Аляксандр Панчанка – Pope
Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі заўважыў, што меў магчымасць сустрэцца з многімі людзьмі, якія далі гераічнае сведчанне, пазначанае простымі жэстамі і досведам глыбокага цярпення. “Гэта па-сапраўднаму паранены народ, але адначасова – вельмі мужны, вельмі рашучы. Мы не можам не лічыцца з вялікімі пакутамі вялікага ўкраінскага народа ў гэты перыяд”, - дадаў ён.
На думку высокага ватыканскага дыпламата, рэлігійная разнастайнасць і багацце Украіны павінны сыграць важную ролю ў будучым аднаўленні міру, аднак, нельга дапусціць, каб на першы план выходзілі “суперніцтва і ўзаемныя крыўды”: усе павінны быць прыхільныя міру і адзінству.
“Неабходна, каб усе імкнуліся працаваць на карысць адзінства краіны, адзінства палітычнага цела, адзінства паміж хрысціянамі, адзінства Каталіцкага Касцёла, адзінства з іншымі рэлігіямі, каб мець магчымасць выкарыстоўваць духоўныя рэсурсы, благаслаўленні, якія Бог дае ў гэтыя хвіліны, і не змарнаваць іх у цяжкасцях і спрэчках”, - перакананы іерарх.
Гаворачы пра магчымасці для дыялога і ўдзел Святога Пасаду ў спрыянні міру, арцыбіскуп Галахер падкрэсліў, што палітычнае кіраўніцтва Украіны высока цэніць словы Папы ў кантэксце вайны. “Яны бачаць, што Папа “адчувае пульс” пакут гэтага народу. На маю думку яны мяркуюць, што і Святы Пасад, і сам Святы Айцец, яшчэ могуць сыграць вельмі важную ролю ў гэтым канфлікце і яго вырашэнні. Прастора для гэтага існуе. Прэзідэнт Зяленскі лічыць, што канчатковае рашэнне павінна прынесці дыпламатыя”, - падкрэсліў Сакратар па адносінах з дзяржавамі.
Каментуючы чалавечае вымярэнне пакут, прычыненых вайной, ватыканскі дыпламат заўважыў, што надзвычайна важнай з’яўляецца салідарнасць паміж людзьмі, аднак, канчатковае аздараўленне можа прынесці толькі Езус Хрыстус. Арцыбіскуп Галахер адзначыў моцную веру ўкраінскага народа, якая дапаможа загоіць раны і “прыйсці да ўваскрасення”.
Сакратар па адносінах з дзяржавамі падкрэсліў, што, на жаль, зараз яшчэ заўчасна казаць пра прымірэнне паміж украінскім і расійскім народамі. “Многія мне казалі, што разумеюць значэнне гэтага пытання, што гаворка ідзе пра глыбока чалавечыя і хрысціянскія каштоўнасці. Аднак, на жаль, народ вельмі шмат пакутаваў на працягу гэтых месяцаў”, - падкрэсліў ён.
Каментуючы пастаўкі ўзбраенняў з Захаду, іерарх зазначыў, што “Украіна павінна абараняцца, а каб рабіць гэта, павінна атрымаць дапамогу, у тым ліку вайсковую”. “Мы заўсёды настойвалі на тым, што трэба захоўваць пэўнага роду прапарцыянальнасць, бо не варта зноў пачынаць гонку ўзбраенняў у Еўропе і свеце”, - дадаў высокі ватыканскі іерарх.