ҽ

Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер у Львове Арцыбіскуп Пол Рычард Галахер у Львове 

Арцыбіскуп Галахер: Касцёл ва Украіне атаясамлівае сябе з народам

“Я ніколі не быў ва Украіне. Я сустракаўся з рознымі прадстаўнікамі ў Рыме, але гэта не тое самае, што быць тут“, - падзяліўся арцыбіскуп Пол Рычард Галахер першымі ўражаннямі пра візіт ва Украіну, які распачаў 18 мая 2022 г.

Ян Глінскі – Vatican New

Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі наведаў Львоў, дзе сустрэўся з каталіцкімі іерархамі абодвух абрадаў, наведаў некаторыя касцёльныя арганізацыі, якія прымаюць бежанцаў. “Мне вельмі спадабалася тое, што я ўбачыў як Касцёл адказаў на гэты жахлівы гуманітарны крызіс. Гэта Касцёл, які цалкам атаясамлівае сябе са сваім народам і стараецца адказаць на яго патрэбы, каб дапамагчы ўсім, не толькі католікам“, - адзначыў ватыканскі іерарх.

Арцыбіскуп Галахер дадаў, што ўбачыў напружанасць, няпэўнасць сярод людзей, бо “невядома, што будзе ў будучыні“. “Мы з'яўляемся сведкамі пакутаў бежанцаў, якія вымушаны былі пакінуць усё і прыехаць на захад краіны. І гэта асабліва цяжка, таму што ў асноўным гэта жанчыны, дзеці і падлеткі, – патлумачыў іерарх. – Цяпер яны ў бяспецы, але праблем хапае“

“Бачыць вайну па тэлевізары – гэта адно, але дакрануцца да гэтай рэальнасці – іншае“, – працягваў арцыбіскуп Галахер.

Як сцвердзіў іерарх, Святы Пасад і сам Папа Францішак гатовыя зрабіць усё магчымае. Працягваюцца дыпламатычныя кантакты, як з украінскімі ўладамі, так і – праз пасольства – некаторыя кантакты з Масквой.

Па словах арцыбіскупа Галахера, Святы Пасад жадае працягваць заахвочваць міжнародную супольнасць да гуманітарнай дапамогі, бо, як бачна на прыкладзе іншых канфліктаў, праз некаторы час настае стома ў падтрымцы народаў, якія перажываюць цяжкасці. Святы Айцец, як дадаў ватыканскі іерарх, бясконца заклікае да малітвы і спынення вайны.
 

20 мая 2022, 08:32