У Вялікую суботу Бэнэдыкту XVI споўніцца 95 гадоў
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Паколькі гэта Вялікая субота, не плануецца ніякіх адмысловых урачыстасцей. Тым больш, што з прычыны свайго ўзросту Папа-эмерыт адчувае сябе даволі слабым.
Ёзэф Ратцынгер, які нарадзіўся 16 красавіка 1927 года ў Марктль-ам-Іне, быў 265-м Наступнікам святога Пятра. Яго пантыфікат працягваўся з 19 красавіка 2005 года па 28 лютага 2013 года. Бэнэдыкт XVI стаў першым Папам за 720 гадоў, які завяршыў свой пантыфікат добраахвотна. Раней, больш за 23 гады, кардынал Ратцынгер быў прэфектам ватыканскай Кангрэгацыі Веравучэння, а ў 1977-1982 гадах – арцыбіскупам Мюнхенска-Фрайзінгскім.
Як выкладчык фундаментальнай тэалогіі з 1958 года Ратцынгер чытаў лекцыі ва ўніверсітэтах Фрайзінга, Бона, Мюнстэра, Цюбінгена і Рэгенсбурга. Прымаў удзел у Другім Ватыканскім Саборы (1962-1965) у якасці дарадцы арцыбіскупа Кёльнскага, кардынала Ёзэфа Фрынгса. Ён лічыцца адным з самых значных тэолагаў ХХ стагоддзя.
Пажаданні Бэнэдыкту XVI можна даслаць праз адмысловы . Гэтым ужо скарысталіся некалькі соцень асоб з Германіі, Аўстрыі, Швейцарыі, Іспаніі і Чылі. “Я ведаю, што ён вельмі рады гэтаму”, - прызнаўся асабісты сакратар Папы-эмерыта, арцыбіскуп Георг Генсвайн.
Першым сваё віншаванне змясціў кардынал Курт Кох: “Дзякую Богу за тое, што ў Вялікую суботу 1927 года ён падарыў нам Ёзэфа Ратцынгера – цудоўнага чалавека, глыбока рэлігійнага хрысціяніна, выдатнага тэолага і добразычлівага біскупа і Папу”, - напісаў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.
Віншаванні на старонцы пакінулі таксама былыя студэнты Бэнэдыкта XVI. Яны з удзячнасцю ўспамінаюць свае асабістыя сустрэчы з прафесарам, даюць высокую ацэнку яго творам, пакідаюць свае вершы і лацінскія афарызмы, прысвечаныя яму.