Рада кардыналаў размаўляла пра Украіну, клімат і Рымскую курыю
Аляксандр Амяльчэня - Pope
У сустрэчы прынялі ўдзел кардыналы: Джузэпэ Бэртэла, Оскар Радрыгес Марадзьяга, Рэйнхард Маркс, Шон Патрык О’Мэлі, Освальд Грасіас, Фрыдалін Амбонга Бесунгу, а таксама сакратар Рады, арцыбіскуп Марка Мэліна. Кардынал П'етра Паралін адсутнічаў з прычыны афіцыйнага візіту ў Мексіку.
25 красавіка, пасля малітвы, якую правёў Францішак, папскіх кансультантаў прывітаў кардынал Марадзьяга, каардынатар Рады. Размовы пачаліся ад вайны ва Украіне і сацыяльна-палітычнай, касцёльнай і экуменічнай сітуацыі з гэтым звязанай. Святы Айцец паведаміў аб рознага роду мірных ініцыятывах, прадпрынятых ім, Дзяржаўным сакратаром і Дзяржаўным сакратарыятам. Кардыналы падзяліліся сваім поглядам на сітуацыю; яны падтрымалі Папу ў яго намаганнях па вырашэнні канфлікту.
На наступным этапе сустрэчы іерархі прадставілі сацыяльна-палітычную і касцёльную сітуацыю на сваіх кантынентах, закранаючы такія тэмы, як мір, здароўе, беднасць, нестабільная палітычная сітуацыя і душпастырскія праблемы мясцовых Касцёлаў.
На ранішняй сесіі 26 красавіка Рада абмеркавала пытанне змены клімату і перспектыў сустрэчы COP27, якая пройдзе ў Егіпце ў лістападзе 2022 года. Акцэнт быў пастаўлены на сітуацыі ў бедных краінах Азіі, Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і Акіяніі. На пасляабедзеннай сесіі працягнуліся разважанні на тэму ролі жанчын у Касцёле, пачатыя ў лютым.
Пасяджэнне 27 красавіка было прысвечана дыпламатычнай службе Святога Пасаду, ролі і дзейнасці Апостальскіх нунцыяў. Даклад на гэту тэму зрабіў кардынал Грасіас. Пасля яго адбыліся дэбаты сярод удзельнікаў.
Апошнім пытаннем стала ажыццяўленне пастулатаў новай Апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі Predicate Evangelium. Быў прапанаваны магчымы механізм дзеянняў, якія павінны суправаджаць рэалізацыю новага заканадаўства. Ён прадугледжвае ацэнку зробленых крокаў і аналіз выклікаў, якія павінны быць узяты пад увагу.
Сустрэча Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам завяршылася малітвай Regina Coeli. Іерархі дамовіліся сустрэцца ў чэрвені.