ҽ

Кардынал Майкл Чэрны Кардынал Майкл Чэрны  

Кардынал пра паездку Папы ва Украіну: ўсё магчыма

Няма сэнсу задумвацца, горшая гэта вайна ці лепшая за іншыя. Такое мысленне – гэта адсутнасць павагі да тых, хто зараз жыве ва Украіне, - сказаў кардынал Майкл Чэрны ў інтэрв'ю CNN.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Кіраўнік Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека падкрэсліў, што важней засяродзіцца над словамі Папы: мір магчымы і неабходны; мы ўсе нясём за яго адказнасць.

Іерарх нагадаў, што сёння ў свеце ідзе больш за дзясятак іншых войнаў, у якіх таксама гінуць людзі і якія таксама наносяць велізарную шкоду. Праблема, аднак, у тым, што многім усё роўна.

Гаворачы пра сапраўднае аблічча вайны, ён прыгадаў свае нядаўнія сустрэчы з украінскімі бежанцамі ў Венгрыі і Славакіі. “Я сустракаў маці з дзецьмі, якія толькі што развіталіся са сваімі мужамі. Усе гэтыя пакуты, выкліканыя вайной, спалучаюцца з трагедыяй расстання з блізкімі і адсутнасцю ўпэўненасці, чым усё гэта скончыцца. Гэта мяне вельмі кранула і дапамагло яшчэ раз зразумець думку Францішка, каб мы не шукалі ў вайне ніякіх плюсаў і пераваг. Вайна – гэта абсалютны нуль, гэта не што іншае, як страты”, - адзначыў кардынал Чэрны ў размове з амерыканскімі журналістамі.

“Калі гаворка ідзе пра паездку Папы ва Украіну, усё магчыма. (...) Тут справа не ў разліках, а ў тым, каб зрабіць нешта важнае ў гэты момант. Калі Пантыфік бачыць, што можа ўнесці свой уклад, ён зробіць гэта. Гэта дакладна”, - адзначыў папскі пасланнік ва Украіне.
 

21 красавіка 2022, 10:29