Гадавіна абрання Бэнэдыкта XVI на Пасад святога Пятра
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Абраны Пантыфікам 19 красавіка 2005 года, кардынал Ёзэф Ратцынгер стаў 265-м Наступнікам святога Пятра і самым пажылым Біскупам Рыма за апошнія 275 гадоў. “Пасля вялікага папы Яна Паўла ІІ кардыналы выбралі мяне, простага і сціплага работніка ў вінаградніку Пана”, - такімі словамі ён прывітаў натоўп вернікаў на плошчы святога Пятра адразу пасля канклава.
Свой пантыфікат Бэнэдыкт XVI засяродзіў на асноўнай місіі Касцёла, заснаванай на любові да Бога. Ён часта падкрэсліваў патрэбу аднаўлення веры на аснове глыбокіх і асабістых адносін паміж чалавекам і Хрыстом.
Папа правёў 24 замежныя падарожжы. Адным з найбольш значных стаў візіт у Турцыю ў 2006 годзе, дзе ён наведаў Блакітную мячэць у Стамбуле. У тым жа годзе сімвалічнай была яго паездка ў былы канцлагер Аўшвіц-Біркэнаў. 1 мая 2011 года ў Рыме Бэнэдыкт XVI узначаліў беатыфікацыю Яна Паўла ІІ – упершыню ў гісторыі пераемнік на Пасадзе святога Пятра абвясціў свайго папярэдніка благаслаўлёным.
Пантыфік шматразова выказваў сваю салідарнасць з слабымі, хворымі, маргіналізаванымі, ахвярамі войнаў і канфліктаў. Рашуча абараняў жыццё чалавека, апублікаваў тры энцыклікі і чатыры апостальскія адгартацыі, выдаў манументальны тэалагічна-літаратурны твор Езус з Назарэта.
З 2013 года Бэнэдыкт XVI пражывае ў сваёй ватыканскай рэзідэнцыі, якой стаў былы кляштар Mater Ecclesiae.