Ватыканскія іерархі заклікаюць да малітвы за мір ва Украіне
Аляксандр Панчанка – Pope
Старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству заўважыў, што для католікаў Папяльцовая серада з’яўляецца днём малітвы і посту, але Папа заклікае далучыцца да гэтай малітвы за мір таксама хрысціян розных канфесій і ўсіх іншых людзей.
“Гэта спосаб быць салідарнымі, бо калі ідзе вайна, у людзей складаецца ўражанне, што яны бяссільныя і не ведаюць, што рабіць. У такія моманты вельмі важна даверыцца Богу, таму што Бог хоча міра, а не вайны”, - сказаў кардынал Кох, дадаючы, што “публічная малітва – гэта заклік да сумлення ўсіх, хто мае ўладу над вайной і мірам, заклік ачысціць сваё сумленне, думаць пра мір, а не пра вайну”.
Акрамя таго, “малітва за мір – гэта знак салідарнасці з усімі, хто пакутуе, хто знаходзіцца ў вельмі трагічнай сітуацыі, хто вымушаны пакінуць свой дом і сям’ю. Малітва – з’яўляецца знакам для гэтых людзей, бо дазваляе ім зразумець, што яны не самотныя, што ёсць людзі, якія думаюць пра іх і моляцца за іх”, - дадаў старшыня Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству.
У сваю чаргу кардынал Мігель Анхель Аюса Гішот заклікаў прыняць удзел у малітве за мір ва Украіне таксама вызнаўцаў розных рэлігійных традыцый, нягледзячы на адметнасці, якія існуюць паміж імі.
Святы Айцец заклікаў правесці Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міру ва Украіне падчас агульнай аўдыенцыі, якая 23 лютага прайшла ў Ватыкане. У сваім звароце ён сказаў: “Езус вучыў, што на д’ябальскую бессэнсоўнасць гвалту адказвае Божая зброя: пост і малітва”.