ҽ

Кардынал Фернанда Філоні Кардынал Фернанда Філоні 

Кардынал: Бэнэдыкт XVI не быў абыякавы да ахвяр злоўжыванняў

Сумленнасць Бэнэдыкта XVI не можа быць пастаўлена пад сумнеў, ён ніколі не спрабаваў нешта схаваць або мінімізаваць, - звярнуў увагу кардынал Фернанда Філоні.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

“Я ведаю Бэнэдыкта XVI асабіста, тым больш, што на пачатку свайго папскага служэння ён паклікаў мяне ў Рым з Філіпін, дзе годам раней зрабіў сваім прадстаўніком. Я добра памятаю нашу першую сустрэчу, гэта было ў пачатку ліпеня 2007 года. Ён прызначыў мяне Субстытутам у Дзяржсакратарыяце, адным са сваіх бліжэйшых паплечнікаў. Дзякуючы гэтаму я меў магчымасць наведваць яго прынамсі раз на тыдзень, каб паразмаўляць пра дарагія яго сэрцу справы і атрымаць адпаведныя ўказанні па многіх аспектах жыцця Курыі і Касцёла”, - успамінае Вялікі магістр рыцарскага ордэна Гроба Пана ў Іерусаліме.

Іерарх патлумачыў, што ў тыя гады “пытанне педафіліі” паўстала ў Касцёле ва ўсю моц. “Але мне заўсёды было ясна, што ў Бэнэдыкта XVI ёсць цвёрдае жаданне сутыкнуцца з ім. У гэтым выпадку я магу засведчыць перш за ўсё яго глыбокую і дасканалую маральную і інтэлектуальную сумленнасць”, - адзначыў ён, дадаючы, што далікатнасць Папы-эмерыта ў вырашэнні пытанняў глыбокай маральнай важнасці не варта блытаць з няўпэўненасцю або чымсьці іншым.

“Я таксама добра ўсведамляю яго вялізную трывогу перад сур'ёзнымі касцёльнымі справамі і ясна памятаю фразу, якую ён прамаўляў з глыбокім уздыхам: “Як неспасціжная бездань, у якую мы падаем з прычыны чалавечага ўбоства”. Гэта яго моцна хвалявала, і ён часам доўга маўчаў. Тым больш, калі гэтае ўбоства тычылася людзей Касцёла”, - заўважыў іерарх.

Кардынал Філоні падкрэсліў асаблівыя адносіны Бэнэдыкта XVI да людзей, якія пацярпелі. Калі ён атрымліваў просьбы сустрэцца з ахвярамі злоўжыванняў падчас апостальскіх падарожжаў, рэкамендаваў дзве, вельмі важныя для яго, рэчы: захаваць глыбокую павагу да ахвяр, імёны якіх павінны застацца ў сакрэце, а сустрэчы адбывацца ўдалечыні ад позірку камер і сведак; арганізаваць сустрэчу не па прынцыпе “аўдыенцыі” з хуткім поціскам рукі, а ў духу малітвы перад Богам, у Якога трэба прасіць літасці. Менавіта таму большасць такіх сустрэч адбывалася ў капліцы, перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Ён звяртаў увагу на кожнага з прысутных, слухаў уважліва, а ў канцы дарыў ружанец.

Былы блізкі супрацоўнік Бэнэдыкта XVI адзначыў, што падчас такіх сустрэч прысутнічала пачуццё перажытага прыніжэння – не толькі ў ахвяр, але і ў чалавека Касцёла, які не ўяўляў, што могуць адбыцца такія зневажальныя дзеянні, а цяпер прапанаваў алей малітвы і палёгку салідарнасці ў імя Бога, Які прынізіў сябе і ўзяў на сябе стан чалавека і яго грахі. У кожнай такой сітуацыі гучала просьба аб прабачэнні, скіраваная ўсім Касцёлам да Бога, была таксама прыхільнасць, у якой Бэнэдыкт XVI спалучаў міласэрнасць і справядлівасць. Ён рабіў гэта сродкамі, якіх дагэтуль не існавала.

“Гэта Бэнэдыкт XVI, якога я ведаў зблізку. Пастыр, “работнік” у вінаградніку Пана, які заўсёды глыбока “клапаціўся пра ўсе Касцёлы” і пра пакутлівае, заняпалае і пазбаўленае Бога чалавецтва, як ён сам казаў, калі наведаў 25 красавіка 2005 года базыліку святога Паўла, Апостала язычнікаў”, - адзначыў кардынал Фернанда Філоні ў каментарыі для агенцтва ACI Stampa.
 

08 лютага 2022, 11:52