Епіскапат Нідэрландаў адклаў візіт у Ватыкан з прычыны пандэміі
Аляксандр Амяльчэня - Pope
У сувязі з працягам пандэміі і нявызначаным пашырэннем варыянту Амікрон іерархі палічылі безадказным ехаць у Рым групай і праводзіць там шматлікія сустрэчы ў кароткі прамежак часу, - паведамілі ў сакратарыяце Канферэнцыі Біскупаў Нідэрландаў.
Прэфект Кангрэгацыі па справах біскупаў, кардынал Марк Уэле даў згоду на перанос сустрэч з Папам і кіраўніцтвам дыкастэрый Рымскай курыі, запланаваных на канец студзеня. Тое ж адбылося і з сакавіцкім візітам у 2021 годзе. Наступная дата прыбыцця ў Рым 13 біскупаў будзе вызначана пазней.
У канцы 2021 года біскупы Аўстрыі таксама адмянілі свой візіт ad limina. Ён быў запланаваны на перыяд з 29 лістапада па 3 снежня, але не змог адбыцца з прычыны складанай эпідэміялагічнай сітуацыі і абвешчанага на той момант лакдаўна па ўсёй краіне. Новая дата пакуль не вызначана.
Каталіцкія біскупы прыкладна кожныя пяць гадоў прадстаўляюць Пантыфіку асабістыя справаздачы аб сітуацыі ў сваіх дыяцэзіях. Апошні візіт ad limina нідэрландскага епіскапату праходзіў у снежні 2013 года.