Тарніелі: словы Пантыфіка да Касцёла ў Грэцыі важныя для ўсіх
Аляксандр Панчанка – Pope
Андрэа Тарніелі ў сваёй аўтарскай калонцы на партале Pope нагадаў словы Францішка пра тое, што “Бог, абвешчаны Езусам, сыходзіць да малых і бедных, паказвае сябе ў пустыні, а не ў палацах валадароў”. “Касцёл, і не толькі ў Грэцыі, пакліканы не напаўняцца пыхай, імкнучыся да вялікіх лічбаў, пазбягаць свецкай спакусы жадання таго, каб з ім лічыліся, і захавання вагі на міжнароднай арэне”.
Францішак таксама патлумачыў, што “быць малым, не значыць быць нязначным”. “Быццё закваскай, якая ферментуе, схаваная “ўсярэдзіне цеста свету”, гэта, насамрэч, адваротнае ціхаму жыццю і руху наперад па інерцыі. Шлях, указаны Папам, гэта шлях адкрытасці на іншага, служэння, суправаджэння, слухання, канкрэтнага сведчання блізкасці да ўсіх: гэта цалка адваротнае Касцёлу, засяроджанаму на самім сабе, які задавальняецца ўласнай маласцю”, - заўважыў Тарніелі
“Перад абліччам секулярызацыі і відавочных цяжкасцей, якія хрысціяне сустракаюць сёння ў перадачы веры, можна закрыцца ў сабе, спрабуючы ствараць дасканалыя супольнасці, што абстрагуюцца ад свету, каб захаваць свой малы ці вельмі малы статак у чаканні, што праміне бура, і з тугой па мінулым, якога больш няма”, - дадаў ён.
Іншая рызыка, на думку ватыканскага эксперта, гэта “захапленне гіперактывізмам місійных стратэгій, з перакананасцю, што абвяшчэнне, сведчанне і навяртанне з’яўляюцца не плёнамі Святога Духа, для якога трэба стварыць прастору, а вынікам нашых здольнасцей і актыўнасці дзейнасці”.
“Таму, на жаль, існуе рызыка, сучасная лічбавай эпосе, што ў цэнтры евангелізацыі апынаецца евангелізатар і яго вынаходніцтвы, а не Евангелле і яго Галоўны герой. Пакінуць месца Галоўнаму герою – гэта галоўнае значэнне навяртання, як метаноі, як змены мыслення ў святле Евангелля”, - заўважыў Тарніелі.
“Такім чынам, “маласць”, пра якую казаў Францішак, з’яўляецца дарам. Гэта ўсведамленне таго, што без Бога мы не можам нічога, і што Ён апярэджвае нас, прыводзіць да пакаяння, падтрымлівае, змяняе. Усведамленне гэтага – каштоўнае таксама і для больш вялікіх Касцёлаў: магчымасць, якую дае сінадальны шлях, што нядаўна распачаўся, можа дапамагчы хрысціянскім супольнасцям вызваліцца ад путаў бюракратыі, клерыкалізму, пакладання надзеі на структуры, каб будаваць і адбудоўваць палатно чалавечых адносін, на якім расквітнее сведчанне”, - перакананы галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.