У Bambino Gesù праведзена ўнікальная двайная трансплантацыя
Ян Глінскі - Pope
Аперацыя, у якой на розных этапах удзельнічала каля 40 спецыялістаў, працягвалася 22 гадзіны і праводзілася ў кастрычніку. Пасля доўгага перыяду рэабілітацыі 16-гадовы пацыент мог зноў правесці святы Божага Нараджэння ў сямейным коле ў Неапалі.
З прычыны сур'ёзнага пагаршэння стану здароўя падлетак з 2016 года знаходзіўся ў спісе чакання донараў для такой вельмі рэдкай двайной трансплантацыі. Юнак пакутуе ад мукавісцыдозу, спадчыннага захворвання, якое звычайна закранае лёгкія, радзей іншыя органы, такія як печань і падстраўнікавая залоза. Паталагічныя змены ў залозах знешняй сакрэцыі вядуць да парушэння нармальнага функцыянавання, напрыклад, дыхальных шляхоў або стрававання. Калі стан хворага пагаршаецца, часта адзіным спосабам лячэння з'яўляецца перасадка аднаго ці больш пашкоджаных органаў.
Клініка Bambino Gesù – першая педыятрычная бальніца ў Італіі, заснаваная ў 1869 годзе ў Рыме герцагіняй Арабэлай Сальвіаці. У 1924 годзе ўстанова была перададзена ў дар Апостальскай Сталіцы. На сёння клініка з'яўляецца адным з вядучых педыятрычных цэнтраў у Еўропе.