Святы Пасад перанёс візіт ad limina біскупаў Аўстрыі
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Візіт аўстрыйскіх іерархаў быў запланаваны з 29 лістапада па 3 снежня 2021 г. Папярэдні адбыўся ў студзені 2014 г.
Арцыбіскуп Лакнэр выказаў “вялікую ўдзячнасць за хуткую рэакцыю і добрае разуменне Рыма”. “Паколькі сітуацыя ў Аўстрыі вельмі напружаная з прычыны чацвёртай хвалі каронавіруса, мы хочам застацца ў краіне на знак салідарнасці з грамадзянамі”, - сказаў ён аўстрыйскаму каталіцкаму агенцтву Kathpress.
Усе члены Канферэнцыі Біскупаў Аўстрыі прагаласавалі за перанос візіту падчас відэаканферэнцыі 22 лістапада 2021 г. “Мы прынялі рашэнне з горыччу, бо доўгі час інтэнсіўна рыхтаваліся да візіту ad limina і з нецярпеннем чакалі абмену думкамі з Папам і яго бліжэйшымі супрацоўнікамі”, - сказаў арцыбіскуп Зальцбургскі. У гэтыя дні ён знаходзіцца на самаізаляцыі пасля таго, як сярод яго паплечнікаў быў выяўлены COVID-19. Пры гэтым іерарх звярнуў увагу на тое, што і ён, і ўсе члены епіскапату прышчэплены.
Перанос падарожжа ў Ватыкан падтрымаў і былы старшыня Канферэнцыі, кард. Крыстаф Шонбарн. “У цяперашняй стрэсавай сітуацыі неабходна трымацца разам, весці дыялог адно з адным і захоўваць тое, што нас аб’ядноўвае. Гэта можна зрабіць толькі разам”, - напісаў арцыбіскуп Венскі ў Twitter.