ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: прастытуцыя і парнаграфія спрыяюць гандлю жанчынамі

Даныя і даследаванні пацвярджаюць, што парнаграфія і прастытуцыя маюць дачыненне да гандлю людзьмі. Таму выкараненне згаданых практык з’яўляецца ключавым элементам у барацьбе з гэтым промыслам.

Ян Глінскі - Pope

На гэта падчас пасяджэння ААН указаў Пастаянны назіральнік Святога Пасаду. Арцыбіскуп Габрыэле Кача прыняў удзел у сустрэчы высокага ўзроўню на тэму глабальнага плану дзеянняў у барацьбе з гандлем людзьмі.

Ватыканскі дыпламат нагадаў, што жанчыны па-ранейшаму ўтвараюць пераважную большасць ахвяраў сучаснага рабства. Барацьба з прастытуцыяй і парнаграфіяй магла б значна абмежаваць гэтую з’яву.

Арцыбіскуп Кача заўважыў, што каля трэцяй часткі ахвяраў гандлю людзьмі складаюць дзеці, асабліва тыя, якія паходзяць з бедных сем’яў або пазбаўлены бацькоўскай апекі. Гэта асабліва назіраецца ў найбяднейшых краінах, дзе гандаль людзьмі звязаны з больш шырокай праблемай – працай непаўналетніх. Закрыццё школ з прычыны пандэміі таксама прывяло да таго, што мільёны дзяцей далучыліся да ліку тых, каму пагражае небяспека стаць ахвярай сучаснага рабства.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы сцвердзіў, што далейшая рэалізацыя глабальнага плану дзеянняў патрабуе перш за ўсё ацэнкі дасягнутых поспехаў, што няпроста з-за адсутнасці дакладнай колькасці ахвяраў на свеце. Нягледзячы на тое, што ў апошнія дзесяцігоддзі ўсё больш краін ствараюць нацыянальныя сістэмы даных адносна гандлю людзьмі, даныя на сусветным узроўні па-ранейшаму абмежаваныя. Пандэмія COVID-19 яшчэ больш ускладніла рэалізацыю гэтага праекту, бо ахвяры апынуліся ў большай ізаляцыі і сталі менш заўважнымі. Таксама сацыяльна-эканамічныя наступствы пандэміі прывялі да павелічэння колькасці асобаў у гэтай групе рызыкі, бо мільёны жанчын і мужчын страцілі працу і былі пазбаўлены сацыяльнай падтрымкі.
 

26 лістапада 2021, 08:28