Папа напісаў прадмову да біяграфіі свайго духоўнага настаўніка
Аляксандр Амяльчэня - Pope
На першых старонках кнігі, якая носіць назву: “Я зрабіў папу хрысціянінам”, Пантыфік падкрэсліў, што да кс. Энрыка звярталіся ўсе, хто перажываў нейкі крызіс у жыцці, бо ведалі, што ён абавязкова дапаможа. Гэта быў чалавек, які цвёрда стаяў на зямлі і ведаў рэчаіснасць, надзелены здаровым падыходам, за што яго цанілі ўсе.
Францішак згадвае, што святар гадзінамі праводзіў у канфесіянале і з часам стаў спаведнікам большасці салезіянцаў у Буэнас-Айрэсе і навакольных супольнасцях. Многія дыяцэзіяльныя святары і манахі таксама карысталіся яго служэннем. Менавіта ў размовах з кс. Энрыка ў канфесіянале сфарміравалася пакліканне будучага Папы.
Святы Айцец прызнаўся, што пасля прыняцця рашэння паступіць у семінарыю ён спачатку даверыўся свайму бацьку, які разумеў яго лепш за маці і ставіўся з большым энтузіязмам да выбару сына. “Мая маці казала, што я павінен добра падумаць, і будзе лепш, калі я спачатку закончу вучобу”, - успамінае Францішак.
Яго планы былі ледзь не сарваныя па стане здароўя. У 1957 г. Хорхэ пачаў адчуваць моцныя болі ў правым лёгкім. Сур'ёзная пнеўманія выклікала неабходнасць выдалення часткі дыхальнага органу, і жыццё будучага Папы апынулася пад пагрозай.
Пасля аперацыі Хорхэ сказаў свайму спаведніку, што мае намер стаць езуітам. “Памятаю, што ён не ўгаворваў мяне далучыцца да салезіянцаў, паважаў мой выбар. Ён прадставіў маю сітуацыю езуітам, і яны паабяцалі сустрэцца са мной у сакавіку. Быў лістапад, мне яшчэ трэба было аднаўляцца пасля цяжкай аперацыі”, - узгадвае Пантыфік.
У бліжэйшыя дні ў розных гарадах Італіі пройдуць прэзентацыі біяграфіі кс. Энрыка Пацолі аўтарства Феручыа Палавэры, якая выйшла ў выдавецтве Libreria Editrice Vaticana. Першая сустрэча адбудзецца ў Асці 10 лістапада 2021 г. у мясцовай семінарыі, яшчэ адна – 12 лістапада ў Рыме, у Папскім універсітэце Урбаніянум.